6 верасня самы масавы маладзёжны рух краіны будзе адзначаць дзесяцігоддзе з дня свайго ўтварэння. За гэты перыяд ГА “БРСМ” здолела ператварыцца ў працаздольную і аўтарытэтную структуру, якая працягвае сваё дынамічнае развіццё. З якімі вынікамі плануе адзначыць юбілейную дату Кобрынскі райкам БРСМ? Менавіта з гэтым пытаннем мы звярнуліся да першага сакратара мясцовага маладзёжнага саюза Людмілы ЧЫРУН.
- Як імкліва ляціць час! Шэсць гадоў мінула з таго моманту, калі я атрымала членскі білет Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Ні разу не пашкадавала аб тым, што звязала свой лёс з БРСМ. Праца з маладымі - занятак творчы, які патрабуе вялікай самааддачы.
З задавальненнем хочацца перш-наперш адзначыць, што цяпер моладзь у БРСМ ідзе без прымусу. Раней даволі часта прыходзілася чуць ад прэтэндэнтаў на членскі білет: “А якія ў нас будуць скідкі і бонусы?”. Цяпер юнакі і дзяўчаты па асабістай ініцыятыве шукаюць магчымасці сустрэцца з намі, прапаноўваюць свае ідэі. Пры гэтым мы ніколі не дзелім кобрынскую моладзь на “саюзную” і “несаюзную”. БРСМ – структура, якая сардэчна сустракае кожнага, хто хоча праявіць сябе і свае здольнасці.
Яшчэ, напрыклад, гадоў пяць таму для многіх паркур, велатрыял ці скейтынг былі незразумелымі тэрмінамі, якія нават і вымавіць было складана. Як потым высветлілася, гэтыя і іншыя маладзёжныя субкультуры не толькі з’яўляюцца захапляючымі заняткамі, але і ўсебакова развіваюць чалавека. І гэта было ў чарговы раз прадэманстравана шырокай аўдыторыі на кобрынскім фестывалі “Вольны рух”. Традыцыйнымі сталі і іншыя мерапрыемствы – “Містар года”, “Каралева Восень”, “Відэабатл”. Новы подых атрымала развіццё Клуба вясёлых і знаходлівых, цяпер да нас на гульні прыязджаюць лепшыя кавэзэшнікі краіны. 6 верасня ў Мінску з нагоды святкавання юбілею БРСМ плануецца правесці фінал рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”, у якім прымуць удзел і прадстаўнікі Кобрынскага ліцэя сферы абслугоўвання і СТАА “ВП Палессе”.
Важным накірункам маладзёжнай палітыкі з’яўляецца працаўладкаванне юнакоў і дзяўчат. Сёлета ўдалося дапамагчы зарабіць грошы для 292 чалавек, што з’яўляецца своеасаблівым рэкордам. Так, у вясенне-летні перыяд паспяхова працавалі чатыры педагагічныя атрады, будаўнічы атрад з ліку навучэнцаў ліцэя сферы абслугоўвання і ДПТК будаўнікоў, школьная моладзь. Акрамя гэтага, круглы год дзейнічаюць валанцёрскія атрады. Іх намаганнямі рэалізуецца шэраг экалагічных праектаў, аказваецца пасільная дапамога выхаванцам дзіцячых дамоў і прытулкаў, пенсіянерам, інвалідам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, праводзяцца работы па добраўпарадкаванні горада, сельскагаспадарчых аб’ектаў, тэрыторый сквераў і каля помнікаў. Многія акцыі рэалізуюцца ў цесным тандэме з годнай зменай актыву БРСМ – піянерамі і акцябратамі.
Немагчыма было б уявіць паспяховую работу Кобрынскага райкама БРСМ без прадстаўнікоў выканаўчай улады, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Зазулі, лідараў грамадскіх і ветэранскіх аб’яднанняў, бізнесменаў. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць у адрас сакратароў 109 пярвічных арганізацый БРСМ, якія з’яўляюцца перадавым звяном у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на Кобрыншчыне. Ад усёй душы віншую моладзь з надыходзячым юбілеем, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, кіпучай энергіі і здзяйснення ўсіх запаветных мар.
Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: першы сакратар Кобрынскага РК БРСМ Людміла Чырун.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: