На мінулым тыдні работнікі культуры Кобрыншчыны падводзілі вынікі за 2012 год. У сваім дакладзе начальнік аддзела культуры райвыканкама Надзея Жук дэталёва прааналізавала стан спраў, праблемы і перспектывы развіцця мясцовай культурнай сферы.Мінулы год быў асабліва адказным перш за ўсё для цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Кобрыншчыны (ЦБС), якая складаецца з 46 філіялаў. У Год кнігі ўся работа яе супрацоўнікаў была накіравана на прапаганду друкаваных выданняў, папулярызацыю роднай мовы і літаратуры сярод шырокіх слаёў насельніцтва, развіццё і планамернае ўкараненне перадавых інфармацыйных тэхналогій.
Прафесіянальна і творча праводзяць культурна-масавыя мерапрыемствы на сяле бібліятэкары Алена Саўчук з Дзівіна, Ірына Пакалюк з Залесся, Святлана Піліпук з Навасёлак, Тамара Качан са Стрыгава і інш.З задавальненнем Надзея Жук адзначыла, што менавіта ў Год кнігі ўдалося не толькі папоўніць бібліятэчныя фонды, але і палепшыць матэрыяльную базу.Па-еўрапейску сучасным і стыльным выглядае гарадскі Палац культуры, дзе гасцям і жыхарам раёна аказваецца шырокі спектр запатрабаваных паслуг, ёсць выдатныя ўмовы для арганізацыі вольнага часу і заняткаў аматарскай мастацкай творчасцю.У раёне дзейнічаюць 37 клубных устаноў, у склад якіх уваходзяць калектывы мастацкай самадзейнасці. На “перадавой” культурнага жыцця заўсёды знаходзяцца вядучыя калектывы Кобрыншчыны, якія прадстаўляюць народную творчасць за межамі раёна, многія з іх удастоены прэстыжных узнагарод на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Гэта ансамбль песні і музыкі “Зараніца”, вакальны квартэт “Камяртон”, народны ансамбль песні “Бурштын”, народны ансамбль песні і музыкі “Ясніца” Стрыгаўскага СДК і інш. Фальклорныя калектывы Балоцкага сельскага клуба і ўстаноў культуры Дзівінскага аграгарадка ўдзельнічалі ў тэлепраекце беларускага тэлебачання “Уперад у мінулае”.Актуальным пытаннем на сучасным этапе з’яўляецца ўдасканальванне дзейнасці мабільных устаноў культуры. Адна з іх - мясцовы аўтаклуб, работнікі якога за мінулы год ажыццявілі 230 выездаў, правялі 146 канцэртаў, у тым ліку наведалі 61 аддалены і маланаселены пункт раёна.Не страчваюцца традыцыі развіцця розных відаў народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў, якія з’яўляюцца нацыянальным здабыткам Беларусі.Пільная ўвага супрацоўнікамі культуры ўдзяляецца рабоце па эстэтычным выхаванні дзяцей, падтрымцы таленавітай моладзі. У раёне паспяхова працуюць пяць дзіцячых школ мастацтваў, якія наведваюць 988 рабят. Дзякуючы паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнню камфартабельных умоў колькасць наведвальнікаў штогод павялічваецца. Створаны банк даных лепшых навучэнцаў.У фарміраванні духоўнасці, патрыятызму ў насельніцтва вялікую ролю адыгрывае ваенна-гістарычны музей.Сапраўдным эпіцэнтрам культурнага жыцця з’яўляецца парк імя А.В. Суворава, які летась на 57 працэнтаў перавыканаў план па аказанні платных паслуг насельніцтву.Лаканічнай і дзелавой была справаздача старшыні райкама прафсаюза работнікаў культуры Людмілы Аносавай, якая прааналізавала стан спраў яе ведамства за мінулы год. На сучасным этапе налічваецца 896 членаў прафсаюза, 18 прафкамітэтаў і 2 прафарганізацыі. Прафсаюзны актыў творча і аддана выконвае свае грамадскія абавязкі. Арганізоўваюцца турыстычныя паездкі, праводзяцца акцыі “Прафсаюзы - дзецям”, аказваецца дапамога ветэранам працы, пенсіянерам, адзінокім людзям.Намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык даў станоўчую ацэнку рабоце культурнай сферы Кобрыншчыны, якая, дарэчы, увайшла ў пяцёрку лепшых структур вобласці. Але, як кажуць, спыняцца на дасягнутым нельга.Напрыканцы мерапрыемства ва ўрачыстай абстаноўцы граматамі і каштоўнымі падарункамі былі адзначаны лепшыя культработнікі.Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: Надзея Жук, Людміла Аносава, загадчык аддзела маркетынгу ЦБС Таццяна Галавейка і бібліятэкар ЦБС Валянціна Ігнацюк у час правядзення прэзентацыі магчымасцяў цэнтральнай раённай бібліятэкі.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: