Наталля Астапук (першая справа) на адным з раённых святаў.
Дом культуры на сяле – гэта цэнтр грамадскага жыцця мясцовых жыхароў. Пра тое, як развіваецца культура ў вёсцы, нам расказала загадчык Павіццеўскага Дома культуры Наталля Астапук.Наталля Міхайлаўна – вельмі камунікабельны чалавек, гэта адчувалася з першых хвілін сустрэчы. Яна - прыклад таго, як аднойчы правільна прынятае рашэнне, дае штуршок жыццю, удыхае ў яго новы сэнс, жаданне працаваць і развівацца.
- Я прыехала ў аграгарадок дзесяць гадоў назад. На той момант была ў дэкрэтным адпачынку, а за плячыма мела толькі адукацыю закройшчыка верхняга адзення. Уладкаваўшыся на працу ў бібліятэку, адразу пайшла вучыцца на бібліятэкара - клубнага работніка, – успамінае свой шлях у культурную сферу мая субяседніца. – Працаваць там было вельмі цікава. Я штодня сустракалася з рознымі людзьмі, кожны з якіх быў са сваёй гісторыяй, жыццёвым вопытам і густам на літаратуру. Наша бібліятэка заўжды была ў цэнтры культурнага жыцця аграгарадка. Бібліятэкары ніколі не стаялі адасоблена ад клубнага жыцця – усе святы мы рыхтавалі і праводзілі разам, ездзілі з выязнымі праграмамі ў суседнія населеныя пункты, – расказвае загадчык.
Мабыць таму, калі ў клубе стала пытанне аб новым кіраўніку, выбар быў відавочны. Наталля Міхайлаўна ведала ўсю кухню работы ў сістэме культуры і без боязі заняла новую пасаду. Тым больш, што яе падтрымала сям’я.
На пасадзе загадчыка жанчына больш за два гады. Прызнаецца, што шмат часу праводзіць у рэпетыцыях.
- На жаль, каранавірус выбіў з прывычнага рытму работы, але мы спадзяёмся хутка ўвайсці ў калею. Раней мы часта рыхтавалі разнастайныя інсцэніроўкі на Дзень работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Новы год, на іншыя святы. Нам падабаецца выязджаць з канцэртамі і прымаць суседзяў. Наша праца дае магчымасць кожнаму раскрыць свае таленты.
Наталля Міхайлаўна заўважае, што Дом культуры вельмі запатрабаваны ў летні час, калі студэнты вяртаюцца на канікулы. Вось тады і дыскатэкі праводзяцца ладныя.
- Што тычыцца прыцягнення моладзі ў нейкія пастаноўкі, то што тут казаць, прыходзіцца і ўгаворваць. Сённяшняя моладзь больш імкнецца бавіць час на прасторах інтэрнэта, – дзеліцца сваімі назіраннямі загадчык установы.
Што тычыцца ўдзелу ў раённых і абласных святах, то Наталля Астапук адзначыла, што кожнаму культработніку важна прымаць удзел у такіх мерапрыемствах.
Наша размова была напярэдадні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, у якім многія работнікі культуры раёна і ў прыватнасці Наталля Міхайлаўна былі задзейнічаны. Кожны з іх пастараўся паказаць не толькі свае ўменні і таленты, але і шырыню сваёй гасціннай душы.
Людюміла ПАШКОВІЧ.
Фота – з архіву Наталлі Астапук.
Поделиться в соцсетях: