Ср, 11 сентября 2024
Прогноз погоды

Кобрынскі ліцэй – лепшы ў вобласці!

09/01/2019

Гэта не проста гучныя словы, а факт - у адпаведнасці з загадам Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Кобрынскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сферы абслугоўвання стаў пераможцам конкурсу “Лепшая ўстанова прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі 2017-2018 года” у намінацыі “Лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі”.

Ліцэй са знакам якасці

– Гэта агульная перамога  ўсяго нашага калектыву – педагогаў, майстроў, навучэнцаў – усіх, хто  кожны дзень працуе над тым, каб наша краіна атрымала высокакваліфікаваных спецыялістаў, прафесіяналаў, гатовых да шчырай стваральнай працы на карысць людзям, –  расказвае дырэктар ліцэя Віктар Нічыпарук.

Сапраўды, тут ёсць чым ганарыцца, бо ліцэй уяўляе з сябе прыгожую, утульную, сучасную навучальную ўстанову. Гэта інавацыйны вучэбны комплекс, які дае навучэнцам прафесіянальна-тэхнічную і сярэднюю адукацыю, з’яўляецца месцам прафесіянальнай падрыхтоўкі школьнікаў старэйшых класаў. Зараз вучэбны працэс ажыццяўляецца па 9 запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях: повар, афіцыянт, повар дзіцячага харчавання, аператар ЭВМ, прадавец, швачка, кравец, цырульнік, камплектоўшчык дэталяў цацак.

У межах конкурсу быў даследаваны цэлы шэраг крытэрыяў, па большасці з якіх ліцэй займае лідзіруючыя пазіцыі. Найбольшых поспехаў ён дасягнуў па выкананні кантрольных лічбаў набору, па захаванні кантынгенту, па ўзроўні кваліфікацыі выпускнікоў, па ўмовах атрымання дадатковай спецыяльнасці і больш высокай кваліфікацыі.

— Сёлета мы без праблем зрабілі набор навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце Людміла Мамайка, —. Усё гэта дзякуючы сістэме работы, якая склалася ва ўстанове і сябе апраўдвае. Мы праводзім прафарыентацыйныя мерапрыемствы, дні адкрытых дзвярэй, тыдні прафесій. Адрадзілі такую форму работы, як агітбрыгада. Яе ўдзельнікі – артысты – выступаюць у школах з рэкламнымі пастаноўкамі. Падчас такіх сустрэч мы вызначаем схільнасці, інтарэсы школьнікаў, знаёмім нашых патэнцыяльных навучэнцаў з умовамі ліцэя, паведамляем пра магчымасці далейшай вучобы ў ВНУ і перспектывы працаўладкавання…

У бягучым навучальным годзе план набору па некаторых прафесіях быў выкананы задоўга да канца ўступнай кампаніі. Як і было запланавана, 1 верасня ўсе 170 першакурснікаўуключыліся ў навучальны працэс установы. Папулярнасці  паспрыяла і тое, што ў мінулым годзе ліцэй таксама быў прызнаны лепшай установай прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Брэсцкай вобласці. За перамогу ў спаборніцтве за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ліцэй быў занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці, а  яго кіраўнік па выніках конкурсу «Лепшы дырэктар прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі»ў пачатку 2018 атрымаў званне «Залаты дырэктар».

Кожнаму знойдзецца справа

Але адна справа – укамплектаваць групы неабходнай колькасцю навучэнцаў, і зусім іншая – вывесці іх у людзі. Аб тым, што ў педагогаў ліцэя гэта атрымліваецца, лепш за ўсё гавораць шматлікія дасягненні навучэнцаў. З году ў год яны займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і злётах, прычым не толькі ў сферы прафесіянальнага майстэрства, але і ў мастацкай самадзейнасці. Хлопцы і дзяўчаты вывучаюць гісторыю і культуру малой радзімы, вырабляюць сапраўдныя шэдэўры прыкладнога мастацтва, спяваюць, танцуюць. У ліцэі выдатна развіта валанцёрская работа – цэлым шэрагам дабрачынных акцый адзначаецца рух “Добрыя сэрцы”, эфектыўна працуе маладзёжны атрад аховы правапарадку і пярвічная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".

- Навучэнцы ліцэя ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, паспяхова прымаюць удзел у абласным конкурсе па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “Спадчына”, у рэспубліканскім конкурсе “Я выбіраю прафесію маркетолага” і інш. Нашы дзеці неаднаразова станавіліся пераможцамі гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па розных відах спорту. Каманда дзяўчат ліцэя заняла 2 месца ў рэспубліканскай спартакіядзе па баскетболе, на абласных спаборніцтвах перамагаюць нашы тэнісісты, валейбалісты, легкаатлеты, аматары кулявой стральбы, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Ляўчук.

У ліцэі працуюць 36 аб'яднанняў па інтарэсах маральна-ідэалагічнай, мастацкай, спартыўна-аздараўленчай і дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці.

У нагу з часам

Важным паказчыкам работы ўстановы з’яўляецца паспяховая сацыялізацыя навучэнцаў, іх размеркаванне і працаўладкаванне. Больш высокую кваліфікацыйную катэгорыю навучэнцы атрымліваюць, наведваючы факультатыўныя заняткі і творчыя аб’яднанні па выбранай спецыяльнасці. Усе жадаючыя падчас навучання па асноўнай спецыяльнасці могуць за кошт уласных сродкаў набыць іншую спецыяльнасць. Напрыклад, повар можа вывучыцца на бармэна, а аператар ЭВМ – на цырульніка. Заняткі такіх груп праходзяць у вячэрні час на базе прадпрыемстваў горада, якія з’яўляюцца даўнімі партнёрамі ліцэя. Выпускнікі атрымліваюць першыя працоўныя месцы на такіх прадпрыемствах, як ААТ "Баранавіцкая швейная фабрыка", філіял ААТ "Магатэкс" у Кобрыне, ААТ "Элема", ПУГВП "Нашы вытокі", ААТ ТП "Надзея", ААТ "Кобрын-Сэрвіс" і іншыя.

Яшчэ адна адметная рыса ліцэя – гэта наяўнасць умоў для навучання, эфектыўнай сацыяльна-працоўнай адаптацыi i ўключэння ў грамадства дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Можна смела сцвярджаць, што калектыў ліцэя з’яўляецца ў гэтым плане наватарам. Педагагічны калектыў распрацаваў і ўкараніў сістэму навучання дзяцей з інваліднасцю. Усе асаблівыя выпускнікі, якія выходзяць са сцен ліцэя, працуюць па набытых спецыяльнасцях

– Мы з упэўненасцю глядзім у будучыню, мы патрэбныя і запатрабаваныя. Мы маладыя і настойлівыя, жывем цікавай жыццём, шукаем нестандартныя рашэнні праблем і марым пра новыя спецыяльнасці (сёння актыўна абмяркоўваецца пытанне аб магчымасці навучання майстэрству візажу). Нашы дзверы адчыненыы для тых, хто хоча ісці ў нагу з часам! – гаворыць напрыканцы размовы “залаты дырэктар” установы і дадае: - У вялікае жыццё мы адпраўляем выпускнікоў з цвёрдай упэўненасцю,. што яны знойдуць сваё месца пад сонцам.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

НА ЗДЫМКУ аўтара:Віктар Нічыпарук з супрацоўнікамі ліцэя.

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу