Вс, 09 февраля 2025
Прогноз погоды

«Кобрынскаму весніку» исполнилось 75

29/09/2014 Праздники

Павага і любоў да жывога, трапяткога, роднага слова вось ужо на працягу 75 гадоў аб’ядноўвае ўсіх супрацоўнікаў раённай газеты. Розныя лёсы, характары, погляды, але абавязковая для ўсіх адказнасць за напісанае, за кожны свой радок, за кожнае надрукаванае слова.Ціхім шэптам газетных старонак «Кобрынскі веснік» прыходзіць у нашы дамы. Ён там, дзе яго чакаюць. У любое надвор’е нягледзячы на адлегласць і час штодзень працуюць карэспандэнты, шчыруюць над нумарам усе супрацоўнікі.Мы бываем у вас у гасцях, прысутнічаем на святах, глядзім у вочы, імкнемся зразумець думкі і адчуць настрой. Удзячныя за разуменне і супрацоўніцтва, мы, у сваю чаргу, напярэдадні юбілею запрашаем вас на фотаэкскурсію да сябе ў рэдакцыю “раёнкі” на Савецкую, 14.“Кобрынскі веснік” сёння - гэта адзінаццаць неабыякавых людзей, якія імкнуцца ведаць усё і пра ўсіх, каб самае цікавае і карыснае абавязкова трапіла на старонкі роднай газеты.

Але мы абяцалі фотаэкскурсію. Таму вашай увазе - першы фотаздымак, на якім вы бачыце адзін з рабочых момантаў: у кабінеце галоўнага рэдактара Рамана Мельніка (у цэнтры) адказны сакратар Надзея Бялова (справа) і карэспандэнт Людміла Дубіна.У сродках масавай інфармацыі Раман Васільевіч плённа працуе ўжо 12 гадоў. З гэтага года выконвае абавязкі галоўнага рэдактара. Канструктыўнасць, памяркоўнасць - адны з галоўных прынцыпаў, якіх прытрымліваецца кіраўнік раённай газеты. Нягледзячы на малады ўзрост “шэфа” мы, калегі, адчуваем сябе з ім спакойна і надзейна.Дзякуючы жыццёвай мудрасці Надзеі Іванаўны шмат давялося абмінуць падводных камянёў у свеце друку. Яна заўсёды падкажа, дасць карысную параду, а калі нешта і крытыкуе, то заўсёды справядліва і рацыянальна.Ідзем далей. Працоўную цішыню сакратарыята разбіваюць мерныя гукі клавіятуры. Засяроджана працуюць старшы карэктар і старшы аператар. Зусім хутка, пад кіраўніцтвам адказнага сакратара, адправяцца ў Брэсцкую друкарню звярстаныя старонкі будучага нумара.На здымку злева - заўсёды прыгожая, з квітнеючай усмешкай Людміла Рафаловіч. Старшы аператар, яна нястомна набірае тэксты, раздрукоўвае творы карэспандэнтаў. Пазнаёмцеся: наш карэктар Зоя Валынкіна (на здымку справа). Яе кемлівасць і веданне таямніц арфаграфіі і пунктуацыі беларускай і рускай мовы выклікаюць непадробленую павагу.

Людміла Аносава - наш галоўны бухгалтар, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Людміла Фёдараўна не толькі своечасова штомесячна складае і здае справаздачы, выдае чаканую ўсімі зарплату, неабходныя даведкі з месца працы, але і заўсёды параіць, падбадзёрыць. Яе жыццёвай энергіі застаецца толькі пазайздросціць.

А вось і мы - карэспандэнты.

Гэта – вядомы вам, паважаныя чытачы, сваімі актуальнымі і разважлівымі публікацыямі Дзмітрый Бялоў. Аднолькава цікава ён можа пісаць на розныя тэмы. Філасофскія роздумы, сацыяльныя праблемы, жыллёвыя пытанні, свет “братоў нашых меншых”… Прафесіяналізм і журналісцкі вопыт дазваляюць Дзмітрыю глыбока асэнсаваць любую падзею і данесці яе да сэрцаў чытачоў. За якасць напісання публікацый і фотаздымкаў, своечасовую падачу матэрыяла можна не хвалявацца.

“Гаворыць Кобрын. Добрай раніцы, паважаныя радыёслухачы. У студыі - аўтар і вядучая Людміла Пашковіч”. Знаёма? Так, гэта наша Людміла вось ужо трэці год на пазітыўнай хвалі пачынае чарговыя выпускі раённага радыё. Цікавыя людзі, актуальныя навіны, карысная інфармацыя… Камунікабельная Людміла заўсёды ведае, каго запрасіць у сваю “гуказапісную студыю”. Для карэспандэнта Людмілы няма аніякіх праблем разгаварыць нават самага маўклівага.На адным з папярэдніх здымкаў вы ўжо пазнаёміліся з Людмілай Дубінай. У мінулым – пазаштатны карэспандэнт, сёння – паспяховы творца не толькі на медыйнай, але і на інтэрнэт-прасторы, Людміла, акрамя напісання матэрыялаў у газету, лірычных вершаў і нарысаў, штодзённа абнаўляе сайт рэдакцыі.Ірына Лесік – гэта я.

Пра сябе гаварыць складана, таму скажу толькі, што калі прыйшла працаваць у рэдакцыю, не магла зразумець, як гэта так - я пішу, займаюся тым, што мне падабаецца, а мне за гэта яшчэ і грошы плацяць. А ўвогуле вольна сябе адчуваю ў цёплай восені - калі лістападам ад лёгкага ветрыку падае лісце, тады і пішацца і думаецца неяк асабліва…Працуюць у нашай рэдакцыі яшчэ два цудоўныя чалавекі.Штодзень пра ўтульнасць і парадак у творчай газетнай майстэрні клапоціцца Марыя Краснова. Клопатамі нашай гаспадыні зелянеюць у вазонах кветачкі, заўсёды на стале свежая карэспандэнцыя.

А гэта Васіль Сергіевіч.

Працуе ён у рэдакцыі нядаўна, але жыццёвы вадзіцельскі вопыт і новенькая “Geely” (Джылі) дазваляюць яму заўсёды давезці карэспандэнта ў неабходнае месца і ў патрэбны час.Вось такая ў нас атрымалася завочная фотаэкскурсія. Заходзьце да нас у госці, дасылайце лісты, пішыце на электронную пошту, тэлефануйце – мы заўсёды будзем вам рады. Спадзяемся, што і наша газета дорыць вам хоць некалькі, алё цёплых і радасных хвілін.Да сустрэчы ў наступным нумары!

З фотаапаратам за калегамі сачыла Ірына ЛЕСІК.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу