Маленькія і вялікія кветнікі самых разнастайных формаў і абліччаў ужо даўно сталі своеасаблівай візітнай карткай нашага ўтульнага горада. Для многіх з нас, кабрынчан, яны - амаль што звычная з’ява, аднак рэдка хто задумваецца аб тым, колькі працы патрэбна, каб зрабіць і падтрымліваць у належным стане ўсю гэтую прыгажосць…
Займаецца гэтай нялёгкай справай участак зялёнай гаспадаркі КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, які нядаўна атрымаў дыплом I ступені на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод рабочых зялёнага будаўніцтва “Белавежская кветачная казка “Камянец-2012”.
- Саму ідэю кампазіцыі, якая і прынесла перамогу, падказаў наш дырэктар Сяргей Ялец, - расказвае майстар участка зялёнай гаспадаркі Любоў Трубчык. – Канцэпцыя заключаецца ў своеасаблівым спалучэнні кветак з разнастайнымі малымі архітэктурнымі формамі. Так, у конкурсным кветніку мы выкарысталі стылізаваны драўляны вазок, а рэалізаваць гэтую ідэю дапамог наш супрацоўнік Аляксандр Дубінка, мастацкія здольнасці якога з’яўляюцца неад’емнай часткай усіх нашых работ.
Дарэчы, у мінулым годзе нашы азеляніцелі таксама занялі першае месца на аналагічным конкурсе, які праходзіў у Бярозе. А сёння якасную і прыгожую работу кабрынчан можна сустрэць за межамі раёна, напрыклад, у Маларыце і ў Камянцы. І ўсюды работа кобрынскіх майстроў атрымала самыя высокія адзнакі.
Аднак неабходна адзначыць, што проста падрыхтаваць пляцоўку і высадзіць кветкі – толькі малая частка ўсёй работы, якую выконваюць рабочыя зелянгаса. Без належнага догляду сваю прыгажосць любы кветнік губляе вельмі хутка. І той факт, што клумбы на вуліцах горада нязменна радуюць нас дагледжанасцю і парадкам, лепш за ўсё дэманструе сапраўдную любоў да сваёй справы, якую праяўляюць рабочыя ўчастка зялёнай гаспадаркі. Ды і выпадкаў, калі грамадзяне па тых ці іншых прычынах псуюць зялёныя насаджэнні, як адзначаюць самі супрацоўнікі зелянгаса, у апошні час стала значна менш… Можа, у гэтым і праяўляецца чароўная сіла сапраўднай прыгажосці?
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота з архіва КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”.
Поделиться в соцсетях: