Прогноз погоды
Сб, 19 апреля 2025

Кобринчанин Сергей Назарук удостоен высокой награды Министра сельского хозяйства и продовольствия Беларуси.

02/10/2012 Сельское хозяйство Праздники

Сёлета праца аграрнікаў вобласці была па-асобаму напружанай і дала свой плён. Упершыню Брэстчына стала пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва хлебаробаў. Пры сярэдняй ураджайнасці 39 цэнтнераў з гектара без уліку грэчкі і проса было намалочана 1370 тысяч тон збожжа. Прыемна, што ў лік пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю  збожжавых і зернебабовых культур у намінацыі “Маладыя вадзіцелі сельгасарганізацый” увайшоў і працаўнік ААТ “Кісялёўцы” Сяргей Назарук. У дзевятнаццаць гадоў ён стаў уладальнікам ганаровага дыплома трэцяй ступені за подпісам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца. А ў якасці прыза кабрынчаніну быў уручаны тэлевізар.

Мы сустрэліся з Сяргеем адразу пасля рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Сяргей ездзіў у Горкі разам са сваімі бацькам і маці. Пасля цырымоніі ўшанавання пераможцаў жніва на вялікай сцэне Назарук-старэйшы, які, дарэчы, працуе вадзіцелем у ААТ “Кобрынскі масласырзавод”, моцна паціснуў сыну руку і ад усёй душы яго павіншаваў.

- Нарадзіўся я ў Кобрыне. Пасля школы закончыў Драгічынскі абласны аграрна-вытворчы прафесійны ліцэй. Па размеркаванні працаваў спачатку ў СВК “Кутузаўскі”. Потым перавёўся ў ААТ “Кісялёўцы”, - расказвае Сяргей. -  Вялікую ролю ў маім прафесійным росце адыграў мой родны дзядзька Васіль Сацук, які таксама працуе ў гэтай гаспадарцы на аўтамабілі “МАЗ”. Ён заўсёды падтрымлівае мяне і словам, і справай. Таксама я вельмі ўдзячны дырэктару гаспадаркі Васілю Палешчуку, які з павагай і ўвагай ставіцца да маладых кадраў. Для мяне было сапраўднай нечаканасцю дасягнуць такога поспеху. Заўсёды імкнуўся якасна і ў тэрмін выконваць пастаўленыя задачы кіраўніцтва ААТ “Кісялёўцы” і ніколі не “гнаўся” за высокімі лічбамі. У гарачы перыяд уборачнай кампаніі прыходзілася працаваць з раніцы і да вечара, без выхадных. Менавіта ў гэты перыяд у поўнай меры адчуў, як няпроста зарабляюцца грошы. На сваім старэнькім грузавічку “ГАЗ-САЗ-3507” перавёз 1512 тон збожжа і масланасення рапсу. Вельмі прыемна, што маю працу заўважылі і адзначылі на такім узроўні.

У бліжэйшых планах Сяргея Назарука – працаваць у ААТ “Кісялёўцы”, атрымаць сваё жыллё  і стварыць сям’ю.

Раман МЕЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: пераможца рэспубліканскага спаборніцтва хлебаробаў 2012 года Сяргей Назарук.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу