Сб, 08 февраля 2025
Прогноз погоды

Кобрин торжественно отметил День города (+фото).

26/07/2013 Праздники

Яркім і запамінальным, шчырым і радасным адзначылася святкаванне 69-й гадавіны вызвалення Кобрыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня горада ў мінулыя выхадныя.

…З серабром на скронях ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі грамадскасці, РК ГА “БРСМ” і РА РГА “Белая Русь”, шматлікія госці прыйшлі ў суботу ў сквер імя А. Марозава, дзе адбыўся цырыманіял ускладання вянкоў і кветак да абеліска Перамогі. Пад акампанемент духавога аркестра Брэсцкай ваеннай камендатуры прысутныя ўзялі ўдзел у святочным шэсці “З днём нараджэння, Кобрын!”, маршрут якога пралягаў у парк імя А.В. Суворава па аднайменнай вуліцы. Працавалі шматлікія гандлёвыя павільёны, былі шырока прадстаўлены выставы і дэгустацыі прадукцыі вядучых прадпрыемстваў Кобрыншчыны. Бойка гандлявалі сваімі вырабамі майстры народный творчасці. Жадаючыя мелі магчымасць заказаць партрэты ў вулічных мастакоў.Па склаўшайся традыцыі да святкавання Дня горада далучыліся ганаровыя госці. У малой зале райвыканкама адбыўся ўрачысты прыём дэлегацый гарадоў-пабрацімаў старшынёй райвыканкама Мікалаем Кендай. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Крывецкі, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі г. Ліўны (Расія) Сяргей Трубіцын, памочнік дэпутата Заканадаўчага сходу Краснадарскага краю Юрый Сідараў (г. Ціхарэцк, Расія), мэр г. Канева (Украіна) Віктар Ніколенка, старшыня раённай Ківярэцкай рады (Украіна) Міхась Марчук, намеснік кіраўніка Ковельскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Андрэй Мігуля, намеснік старшыні Кахульскага райвыканкама Рэспублікі Малдова Уладзімір Калмык.

Мікалай Кенда адзначыў пазітыўную тэндэнцыю ў міжнародных партнёрскіх адносінах чатырох народаў. Члены дэлегацый падзякавалі за шчыры прыём на гасціннай кобрынскай зямлі, адзначылі добрыя змены, якія адбыліся ў жыцці горада і кабрынчан за апошнія пяць гадоў, запрасілі нашых землякоў наведаць іх гарады. У межах сустрэчы былі падпісаны дагаворы аб двухбаковым супрацоўніцтве.

Працягвалася свята ў амфітэатры парку імя А.В. Суворава, дзе адбылася святочная праграма “Мы славу Кобрына працай памножым”. Адкрываючы мерапрыемства, старшыня райвыканкама Мікалай Кенда з пачуццём гонару ўспомніў аб самым дарагім багацці Кобрыншчыны – яе людзях, якія сваімі ратнымі і працоўнымі подзвігамі стварылі годную спадчыну для нашчадкаў. Больш за 400 кабрынчан былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Сярод іх Герой Савецкага Саюза, тры Героі Сацыялістычнай Працы, два лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі і дваццаць адзін настаўнік БССР. Цяпер наш раён – сучасны і заможны. Асноўны акцэнт робіцца на мадэрнізацыю вытворчасці, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Кобрынскія брэнды сталі вядомымі далёка за межамі Беларусі.Мікалай Кенда пажадаў прысутным моцнага здароўя, веры ў свае сілы, шчасця і дабрабыту. Далучыўся да віншаванняў і старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, які ўручыў Грамату Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў галоўнаму бухгалтару ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміле Ухналёвай. З цёплымі словамі звярнуліся да кабрынчан госці з Расіі, Украіны і Малдавіі.

Урачыста прайшла цырымонія ўзнагароджвання прэміямі “Працай славім Кобрын”: дыпломамі і падарункамі былі ўзнагароджаны галоўны інжынер СВК “Узыходзячая зара” Мікалай Назарук, ліцейшчык пластмас вытворчага цэха СТАА “ВП Палессе” Андрэй Каладзінскі, настаўнік СШ №9 Антаніна Вакуліч, урач-хірург Кобрынскай ЦРБ Уладзімір Бараноўскі, інструктар-метадыст КСДЮШАР Мікалай Новік, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея імя А.В. Суворава Алена Рысь, дырэктар прыватнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Рамсантэхбуд” Валерый Валасюк, начальнік аховы ПАВЧ №1 РАНС Сяргей Майсюк, шматдзетная сям’я Міхальчук, вучаніца УА “Гімназія г. Кобрына” Юлія Мартынюк.Таксама ўдастаены дыпломаў пераможцы раённага конкурсу па ўзорным санітарным утрыманні і добраўпарадкаванні горада з удзелам насельніцтва. Імі сталі жыхарка дома №23 па вул. Пушкіна Валянціна Іванова, стараста пад’езда №2 дома №13 па вул. Паркавай Галіна Страбук і старшыня дамкама дома №95 па вул. Пралетарскай Валянціна Уласовіч.Святочны настрой дапамагалі стварыць музыканты духавога аркестра ваеннай камендатуры, ваеннаслужачыя роты ганаровай варты 38-й асобнай мабільнай брыгады, якія прадэманстравалі паказальныя выступленні са зброяй, а таксама самадзейныя калектывы Кобрыншчыны, Украіны, Расіі і Польшчы, зорка беларускай эстрады Алена Грышанава і шоу-балет “Феерыя”.

У суботу адбыліся і спартыўныя спаборніцтвы на стадыёне “Юнацтва”. На полі ў захаплючых матчах высвятлялі, хто мацнейшы, футбалісты з ветэранскіх каманд Кобрына і фізкультурнікі з в. Самары Ратненскага раёна (Украіна). Побач праходзіў адкрыты турнір па вялікім тэнісе з удзелам спартсменаў з Кобрына, Маларыты і Брэста.Завяршыўся першы дзень свята маладзёжнай дыскатэкай і феерверкам.

Горад Кобрын… Здаецца, што ў тваім вобразе незразумелым чынам спалучаюцца самыя супрацьлеглыя рысы і аб’ядноўваюцца ў адзінае, гарманічнае цэлае. А можа, менавіта таму і не вызывае дысанансу гэтае аб’яднанне, што і самі кабрынчане нягледзячы на няўмольны прагрэс з цягам часу не згубілі, не страцілі свае карані – і тыя звычаі, якія паважалі нашы далёкія продкі? Можа, таму і не ўтвараюць кантрасту сучасныя сацыяльныя аб’екты – і старыя будынкі, якія памятаюць падзеі мінулых стагоддзяў. Можа, менавіта таму нават на самых новых вуліцах, сярод бліскучых шматпавярховак са шкла і бетону ўсё роўна адчуваеш сябе ўтульна і камфортна. Дастаткова толькі прыпыніцца, услухацца ў шум лістоты, адчуць на твары пяшчотны і ласкавы подых ветра… і з новымі сіламі зрабіць яшчэ адзін крок - насустрач жыццю.…Другі дзень свята распачаўся з цікавай падзеі - разам з многімі іншымі кабрынчанамі мы наведалі выставу “Кобрынскі сувенір”, якая прайшла ў Палацы культуры. Свае вырабы тут прадставілі майстры Кобрыншчыны, якія працуюць у самых розных накірунках дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Вышыванка, ткацтва, пляценне і інкрустацыя саломкай, бацік, дэкупаж, арыгамі і многае іншае. Падчас выставы адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу “Кобрынскі сувенір”, які праходзіў з мая па ліпень гэтага года. Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Надзея Жук, людзі, якія ствараюць сваімі рукамі такія цудоўныя рэчы, не толькі самаўдасканальваюцца самі ў працэсе сваёй творчасці, але і робяць прыгажэйшым увесь наш навакольны свет, дзеляцца з ім цяплом сваёй душы і напаўняюць жыццё тых, хто побач, чуласцю і дабрынёй.Побач з Палацам культуры, на вуліцы Суворава, праходзіла акцыя Кобрынскай цэнтральнай бібліятэкі “Кнігі выйшлі пагуляць”. Як аказалася, не толькі пагуляць – але і пасябраваць з кабрынчанамі ўсіх узростаў.

- У рамках нашай акцыі мы праводзім цэлы цыкл мерапрыемстваў – гэта і кніжныя выставы, на якіх можна знайсці кнігі прктычна на любы густ, і “Буккросінг па-кобрынску”, і выстава экспанатаў, якія зрабілі нашы маленькія чытачы, і многае іншае, - расказвае загадчык аддзела маркетынгу Таццяна Галавейка. – Акрамя таго, арганізаваны віктарыны з салодкімі прызамі.А каб атрымаць прыз, патрэбна было ўсяго толькі прачытаць верш, які першым прыйдзе ў галаву. Кабрынчане старэйшага пакалення часцей за ўсё прыгадвалі класіку, ну а маленькія жыхары нашага горада, як аказалася, не забылі і творы Агніі Барто, і рэчы са школьнай праграмы. Адным словам – чытаць кабрынчане любяць, як і раней.Крышачку далей па той жа вуліцы, па накірунку да парку, нашу ўвагу прыцягнуў… цокат капыт. Аказалася, гэтыя конікі родам з Віцебска, з прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Баяцік”. Не трэба і гаварыць, што першымі іх аблюбавалі дзеці - жадаючых пракаціцца або проста пагладзіць коней па прыгожых заплеценых грывах знайшлося вельмі шмат.Вуліца Суворава ператварылася ў сапраўдны вялікі кірмаш. І калі бліжэй да цэнтра горада панавалі павільёны прадпрыемстваў і арганізацый – гасцей віталі СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрын-тэкстыль”, ААТ “Універмаг “Кобрын”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” і іншыя - то бліжэй да парку ініцыятыва пераходзіла да майстроў і рамеснікаў з усіх кутоў Беларусі. Увагу прыцягвалі сувеніры, ўпрыгажэнні, плеценыя рэчы, вязанае адзенне, вырабы з дрэва і камня – усяго не пералічыць.Мерапрыемствы на любы густ прапаноўваў гасцям свята і парк. Тут працавалі атракцыёны, на ратондзе праходзіла рэкламная цырымонія вяселля ў рэтра-стылі, каля возера выстраілася вясёлая чарга за салдацкай кашай. А недалёка ад фантана кабрынчан частавалі дзяўчаты з жаночага клуба “Маліна”. Частавалі, праўда, не малінай – але таксама вельмі смачнымі фруктамі ў гарачым шакаладзе. І жадалі, каб такім жа смачным і салодкім было і жыццё – і не толькі ў святочныя дні.

Ну а побач, за ратондай, разгарнуліся сапраўдныя сцэны з сярэдневякоўя – сваю імпрэзу прапанаваў ваенна-гістарычны клуб “Перунова кола”. Госці атрымалі непаўторную магчымасць паназіраць за баямі, пазнаёміцца з бытам і зброяй 9-10-га стагоддзяў, агледзець невялікую пастаноўку на гістарычным сюжэце – і нават прыняць удзел у тэматычных гульнях.

Адным словам, сумаваць не давялося нікому. А побач, па вуліцы Гастэла, абаснаваліся аматары сучаснай тэхнікі – у свяце горада прынялі ўдзел байкеры. Што і гаварыць, відовішча атрымалася на славу – усё ж такі маюць нейкую таемную прыцягальнасць гэтыя магутныя двухколавыя машыны. Вось такія прыемныя кантрасты – ад сярэдневякоўя да нашых дзён.

А якое ж свята без песень і музыкі? Іх у гэты дзень таксама было шмат. На танцпляцоўцы ў парку праходзілі дзіцячая дыскатэка “З днём варэння, Кобрын” і танцы “Якія маладыя мы былі”. Чакаў гледачоў і амфітэатр – тут выступалі калектывы і выканаўцы раённага цэнтра дзіцячай творчасці, якіх крышачку пазней змянілі творчыя калектывы раёна.Здаецца, нічога не забыліся? Ну а калі і забыліся, то не трэба крыўдзіцца. Таму што змясціць усе ўражанні і эмоцыі гэтых святочных дзён у адным толькі газетным рэпартажы проста немагчыма - як немагчыма нават у самым лепшым фотаздымку перадаць усе фарбы нашага жыцця.Раман МЕЛЬНІКДзмітрый БЯЛОЎ.фота аўтараў.

[gallery link="file" order="DESC"]

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу