Прогноз погоды
Пн, 19 мая 2025

Карысныя веды пра гандаль людзьмі атрымалі кобрынскія школьнікі ад абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

28/11/2012 Здаровы лад жыцця

Адпаведны семінар-практыкум пры падтрымцы міжнароднай арганізацыі па міграцыі для так званых “цяжкіх” падлеткаў прайшоў у мінулую пятніцу на базе сярэдняй школы №7. Сёлета гэта ўжо другі такі трэнінг на Кобрыншчыне. Першы прайшлі сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі горада і раёна.Гандаль людзьмі ахоплівае практычна ўсе краіны свету. Паводле даных ААН, продаж людзей адбываецца ў 127 краінах, а эксплуатацыя - у 137. Пры гэтым штогод ад 50 тысяч да 4 мільёнаў чалавек становяцца ахвярамі. І самае страшнае, што кожная пятая ахвяра – непаўналетнія.

Калі раней наша краіна з’яўлялася краінай транзіту рабоў, то цяпер і ў самой Беларусі зарэгістраваны выпадкі сексуальнага і працоўнага рабства. Што тычыцца Кобрыншчыны, то паводле слоў супрацоўнікаў аддзела па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, у бягучым годзе ў нашым раёне было складзена тры пратаколы па артыкуле “Схіленне да заняткаў прастытуцыяй”. Падчас трэнінгу, які праходзіў у гульнявой форме, школьнікі даведаліся пра разнастайныя віды вярбоўкі і тое, што можа чакаць людзей падчас “лёгкага” заробку за мяжой.- Варта памятаць, што вярбоўшчыкі – гэта выдатныя псіхолагі, - адзначылі трэнеры. – Яны знаходзяць людзей, што трапілі ў складаныя сітуацыі – адсутнасць грошай, пітушчыя бацькі і г.д. І ўмеюць паабяцаць усё, пра што вы марылі. Яны прапануюць зарабіць грошы хутка і лёгка, удзельнічаць у разнастайных конкурсах прыгажосці, быць танцоўшчыцай, сядзелкай і г.д. А пасля банальна адбіраюць пашпарт і прымушаюць займацца прастытуцыяй, здымацца ў парнафільмах і г.д.Як паказвае практыка, найбольш часта на такія “кручкі” трапляюць маладыя людзі з сацыяльна небяспечных сем’яў. Гэта і абумовіла выбар мэтавай групы школьнікаў.- У наш інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр “Рукі дапамогі”, што ў Брэсце, сёлета звярнуліся шэсць чалавек, якія на момант злачынства былі якраз непаўналетнімі, - каментуе сумную тэндэнцыю старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ніна Саванеўская.Найбольшы ўхіл падчас семінара быў зроблены на асноўныя правілы бяспекі падчас працаўладкавання за мяжой. Дзеці даведаліся, што важна абавязкова праверыць рэальнасць работадаўца праз кансультацыйныя цэнтры, пасольства Беларусі ў краіне, куды вы збіраецеся ехаць. Ніколі не аддаваць пашпарт у рукі незнаёмцаў, заўжды мець пры сабе яго ксеракопію. Таксама трэба абавязкова паведаміць родзічам ці сябрам поўныя каардынаты, куды вы выязджаеце. Важна таксама дамовіцца на кодавае слова, якое вы скажаце, калі знаходзіцеся ў небяспецы. Гэта патрэбна для таго, каб у надзвычайнай сітуацыі праваахоўныя органы пачалі дзейнічаць неадкладна.

Настасся ЗАНЬКО.

Дзе можна пракансультавацца па бяспечным выездзе за мяжу (праца, замужжа і г.д.)?Інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр “Рукі дапамогі”Тэлефон у Брэсце 8(0162)42-86-52.Клуб дзелавых жанчын, Брэст“Гарачыя тэлефоны” – 8(0162)162-21-88-88, 8-801-201-55-55 (па Беларусі званок бясплатны); 8(029)720-2-303, е-mail: bpwbrest@mail.ru“Гарачая лінія” праграмы бяспечнага выезда за мяжу “Ла Страда” – 113 (бясплатна па тэрыторыі Беларусі, e-mail:lastrada@infonet.by, сайт - http://www.lastrada.by

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу