Апошнія дні і гадзіны адмярае 2012-ы год, надыходзіць новы. Якімі ж радаснымі і маляўнічымі бакамі павернецца яго святкаванне для кабрынчан? Якія сюрпрызы чакаюць нас у гэтыя дні? За адказам мы звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама, старшыні аргкамітэта па арганізацыі і правядзенні калядных і навагодніх мерапрыемстваў Валянціна ТРУБЧЫКА.
- Валянцін Васільевіч, можна сказаць, вам выпала ганаровая місія пабыць казачным і клапатлівым Дзедам Марозам, які нясе добрыя весткі. Такім чынам, як будзем сустракаць Новы, 2013-ы год?
- Як заўсёды, весела і ў той жа час з усёй адказнасцю.
- Гэта значыць?..
- Гэта значыць, што нашым аргкамітэтам, у які ўвайшлі прадстаўнікі самых разнастайных структур і арганізацый, прадугледжана правядзенне цэлага шэрагу маляўнічых і відовішчных мерапрыемстваў. Штодзень у Палацы культуры будуць праходзіць канцэртныя, цыркавыя і тэатралізаваныя праграмы, ужо з мінулага тыдня тут пачаліся навагоднія ранішнікі “Чароўнае падарожжа” для дзяцей. Таксама ў Палацы культуры з 7 па 14 студзеня пройдзе конкурс навагодняй дызайнерскай ёлкі “Арт-ёлка-2013”, 7 студзеня дзятву парадуе тэматычны мультмарафон з праграмай “Калядныя казкі”, а 13 студзеня адбудзецца гала-канцэрт “Зорка Ражджаства”. Цікава забаўляць гасцей збіраюцца ў парку імя А.В. Суворава. Тут створана падвор’е Дзеда Мароза, якое сёлета перанесена бліжэй да дзіцячага забаўляльнага цэнтра “Кеша”, дзе, дарэчы, таксама будуць масава праходзіць навагоднія ранішнікі. Жадаючых праехацца па марозным паветры ўжо з сярэдзіны снежня гасцінна запрашаюць “Чароўная карэта”, “Казачныя санкі” і “Вясёлы аўтапоезд”. Пройдуць таксама дабрачынныя навагоднія акцыі для дзяцей-сірот. Што датычыць адказнасці, то на ўсіх мерапрыемствах прадугледжана строгае захаванне норм супрацьпажарнай і іншай бяспекі, захаванне грамадскага парадку і аказанне медыцынскай дапамогі пры неабходнасці – за ўсім гэтым будуць сачыць адпаведныя службы.
- А што незвычайнага нас чакае ў саму навагоднюю ноч?
- Скажу так: любы казачны цуд мы ствараем самі, - усміхаецца Валянцін Трубчык. – І толькі ад нас залежыць, з якім настроем, з якім цяплом і святлом у душы мы сустракаем Новы год. А ў саму навагоднюю ноч на плошчы Леніна адбудзецца тэатралізаваная музычна-забаўляльная праграма для жыхароў і гасцей горада “З Новым годам!”, 7 студзеня, у дзень праваслаўных Калядаў – пройдзе тэатралізаваная імпрэза “Калядныя сустрэчы”. Ужо не гаворачы пра тое, што сам горад, яго вуліцы і плошчы прыгожа аздоблены святочным убраннем, у вечаровы час чароўна мігцяць рознакаляровымі агнямі тры прыгажуні-ёлкі: дзве жывыя лясныя госці ў мікрараёне Кобрын-2 і на набярэжнай ракі Мухавец і каркасная ёлка, прыбраная лапкамі, на цэнтральнай плошчы. Пройдзе таксама раённы конкурс па святочным аздабленні тэрыторый устаноў сацыяльнай сферы, прадпрыемстваў, арганізацый, гаспадарак, індывідуальных падвор’яў, які праводзіцца ўжо некалькі гадоў.
- І на заканчэнне, вашы пажаданні жыхарам Кобрыншчыны напярэдадні Новага года.
- Усім добрым людзям жадаю толькі светлых дзён і заможнага, шчаслівага жыцця. Няхай у кожнай сям’і пануюць згода і лад, расце дабрабыт, выхоўваюцца здаровыя і разумныя дзеці.
Падрыхтаваў Ігар СІДАРУК.
Поделиться в соцсетях: