Прогноз погоды
Вс, 20 апреля 2025

Які ўклад унеслі кабрынчане ў агульны каравай вобласці?  Размова са старшынёй Кобрынскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам

10/09/2020

У сельскай гаспадарцы працы заўсёды хапае. Скончылася жніво, здавалася б, можна і дух перавесці, але тэмп работы аграрыяў па-ранейшаму напружаны.  Восень – пара непрадказальная: то сонцам пячэ, то дажджом палівае.  Вось і стараюцца вяскоўцы кожную пагожую хвіліну выкарыстаць на карысць будучага ўраджаю. У якім клопаце праходзяць зараз іх будні – у нашай перадсвяточнай размове са старшынёй Кобрынскага райвыканкама Міхаілам Грышкевічам.

- Міхаіл Міхайлавіч, які ўклад унеслі кабрынчане ў агульны каравай вобласці?

- Сёлета даводзілася працаваць у даволі няпростых умовах. Такой халоднай вясны, якая выдалася ў 2020 годзе, не назіралася ў апошнія дзесяць гадоў.  Нягледзячы на гэта, сяўбу правялі ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Планы на ўраджай былі аптымістычныя, аднак засуха, якая была характэрна для мая і чэрвеня, аказала негатыўны ўплыў на рост і развіццё сельскагаспадарчых культур. Пазней свае карэктывы ўнеслі праліўныя дажджы - у дзівінскім рэгіёне, якраз у час выспявання збожжа, былі падтоплены палі. Нягледзячы на капрызы прыроды, валавы збор збожжа атрымалі неблагі -  91,8 тыс. т (гэта шостая пазіцыя ў вобласці), пры сярэдняй ураджайнасці  34,2 ц/га. Найбольшая ўраджайнасць атрымана ў ААТ “Агра-Кобрынскае” - 77 ц/га, што з’яўляецца лепшым паказчыкам на Брэстчыне, ААТ “Стрыгава” - 48,7 ц/га,  ААТ “Пакроўскі” - 46,6 ц/га, ТАА “КантрыМілк” - 42,7 ц/га. Самы вялікі каравай сярод гаспадарак раёна – 15,3 тыс. т  пры ўраджайнасці збожжавых 33,9 ц/га - у ААТ Гарадзец-агра”.

Усе 19 гаспадарак раёна  выканалі дзяржзаказ па здачы збожжа (без проса і грэчкі). Для  дзяржаўных патрэб пастаўлена 11470 т. 

- У разрэзе збожжавых культур, якія найбольш парадавалі ўраджаем?

- Добры ўраджай дала пшаніца – 42,5 ц/га,  ячмень – 38,6 ц/га, жыта - 32,8 ц/га. Увогуле, ураджайнасць азімых збожжавых значна перавышае ўраджайнасць яравых.

- Па даных Белгідрамета, апошнія пяць гадоў за гісторыю метэаназіранняў былі самымі цёплымі. Як гэтая з’ява адлюстроўваецца на працы аграрыяў? 

- Што і казаць, дзейнасць сельскагаспадарчай галіны ў многім залежыць ад кліматычных умоў. У залежнасці ад таго, што падносіць прырода, аграрыі  карэкціруюць свае планы. Пацяпленне, якое мы назіраем у Беларусі, дазволіла нам у тым ліку ўкараняць новыя культуры. Так, 10 гаспадарак на Кобрыншчыне, сярод якіх ААТ “Астромічы”, ААТ “Раданежскае”, ААТ “Дружба народаў”,  Кобрынская сортавыпрабавальная станцыя, займаюцца вырошчваннем соі, прадукты якой шырока выкарыстоўваюцца пры кармленні практычна ўсёй сельскагаспадарчай жывёлы. 

- Трывалая кармавая база – заклад паспяховага развіцця жывёлагадоўлі, якая складае аснову эканомікі сельскай гаспадаркі…

- “Зялёнае” жніво па значнасці сёння прыраўноўваецца да ўборкі хлеба.  У сёлетнім сезоне перад аграрыямі раёна пастаўлена задача па нарыхтоўцы паўтарагадавога запасу  травяністых кармоў. На бягучы зімова-стойлавы перыяд для патрэб жывёлагадоўлі неабходна нарыхтаваць 35 ц кармавых адзінак у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы. З першага ўкосу было назапашана 5,33 ц кармавых адзінак.  Па стане на 7 верасня на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 16,94 ц кармавых адзінак.  З пастаўленай задачай па нарыхтоўцы сенажу аграрыі  справіліся, заклаўшы пажыўнага корму 190 тыс. т пры плане 166,4 тыс. т. Зараз ідзе ўборка кукурузы на сілас, яго ўжо нарыхтавана 75,1 тыс. т. Убрана 2716 га пасяўных плошчаў кукурузы, ці 18,9% да плана. Каб папоўніць запас кармоў, мы высяваем пажніўныя культуры. 

- Як у аграрным сектары Кобрыншчыны вядзецца работа  па павышэнні якасці сельгаспрадукцыі?

- У гэтым накірунку ідзе пастаянная работа. Агульнае пагалоўе ў гаспадарках раёна  складае 62509 галоў, у тым ліку 21368 дойных кароў. Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі вядзецца на 82 фермах,  53 з іх - малочнатаварныя. Валавы надой малака, якое, падкрэслю, прыносіць асноўны даход сельгаспрадпрыемствам, за 8 месяцаў бягучага года склаў 88,4 тыс. т, ці 113,8% да аналагічнага перыяду 2019 года, удой на адну карову 4134 кг (+420 кг). Гатункам “экстра” на ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” рэалізавана 62,7%, вышэйшым 35,7%. Мы актыўна працуем над умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ў жывёлагадоўлі. Так, у 2019 годзе ўведзены ў эксплуатацыю малочнатаварныя фермы ў аг. Лука (КСУП “Племянны завод “Дружба”) і ў в. Плянта (ААТ “Астромічы”). Узведзены новыя комплексы  ў в. Шыповічы (ААТ “Батчы”) і в. Хадынічы (ААТ “Раданежскае”). У жніўні 2020 года завершана рэканструкцыя малочнатаварнай фермы з пашырэннем да 1000 галоў у аг. Хідры. У ААТ “Стрыгава” вядзецца будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 777 дойных кароў каля в. Вострава, у  ААТ “Батчы” – малочнатаварнага комплексу на 1200 кароў з замкнутым цыклам у раёне в. Дзявяткі. На сучасных малочнатаварных фермах удасканалены тэхналогіі вытворчасці малака. 

- Ці забяспечаны на сённяшні дзень нашы сельгаспрадпрыемствы кадрамі?

- Кадравае забеспячэнне – адна з прыярытэтных задач сельскагаспадарчай галіны. На Кобрыншчыне створаны спрыяльныя ўмовы для маладых спецыялістаў. Гаспадаркі імкнуцца забяспечыць іх добраўпарадкаваным жыллём, годнай заработнай платай. Штогод ў аграпрамысловы сектар раёна прыбываюць больш за 50 маладых спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Напрыклад, у  2020 годзе ў сельскія гаспадаркі Кобрыншчыны з вышэйшай адукацыяй прыйшлі 23 маладыя спецыялісты, што ў 2 разы больш, чым у мінулым годзе, і 30 – з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.  Многія з іх пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі застаюцца працаваць і далей. Цяпер у нашым раёне запатрабаваны спецыялісты заатэхнічнага і ветэрынарнага накірунку, заўважу, павышаецца попыт на спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

- Эфектыўнасць вытворчасці  прадукцыі сельскай гаспадаркі залежыць і ад таго, наколькі сельгаспрадпрыемствы забяспечаны тэхнікай…

- Мадэрнізацыя машынна-трактарнага парка сельскай гаспадаркі раёна вядзецца пастаянна. За мінулы і бягучы год гаспадаркі Кобрыншчыны папоўніліся новымі збожжа- і кормаўборачнымі камбайнамі (9 і 6 адпаведна), у асноўным айчыннага вытворцы. Шэраг гаспадарак атрымалі новыя энерганасычаныя трактары, сучасныя пасяўныя агрэгаты, якія характарызуюцца шматфункцыянальнасцю. Актыўна набывае сельскагаспадарчую тэхніку ААТ “Батчы” (19 адзінак рознага віду транспартных сродкаў), ААТ “Раданежскае” (13),  ААТ “Кісялёўцы” (12), ТАА “КантрыМілк” (10), ААТ “Пакроўскі” (10) і інш. Высакатэхналагічная сельскагаспадарчая тэхніка не толькі павышае прадукцыйнасць працы, але за кошт якасці аперацый, якія выконваюцца, аказвае істотнае  ўздзеянне на ўраджайнасць.

- Якая роля фермерскіх гаспадарак у вытворчасці сельгаспрадукцыі?

- У раёне працуе 84 сялянска-фермерскія гаспадаркі. За імі замацавана 5404 га зямлі,  у тым ліку сельгасугоддзяў – 4725 га,  раллі – 2097 га. Фермеры ў асноўным спецыялізуюцца на раслінаводстве, некаторыя – на жывёлаводстве. Самай буйной  фермерскай гаспадаркай з’яўляецца “Вілія-агра”. 

- У народзе кажуць: “Асенні дзень – год корміць”. Чым займаюцца зараз рупліўцы сельскагаспадарчай нівы?

- Ужо завяршылі сяўбу азімага рапсу, яго ў нас 5347 га. Пачалі сеяць азімыя збожжавыя культуры, пад якія адведзена 24210 га. Вядзецца нарыхтоўка кармоў – убіраецца на сілас кукуруза.  Неабходна ўбраць бульбу, цукровыя буракі, садавіну і агародніну. Рыхтуецца глеба пад яравую сяўбу, якой мы плануем каля 32 тыс. га. Працавітым рукам аграрыяў (у аграрным сектары Кобрыншчыны  заняты больш за 3700  чалавек) няма стомы. 

Гутарыла Людміла ДУБІНА.

Фота з архіва "КВ".

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу