Зусім нядаўна кіраўніцтва СТАА “ПМ і Кампанія” сумесна з ТАА “Марта” з Мінска анансавалі новую арыгінальную касметычную лінію па догляду за скурай на аснове страусінага тлушчу. Яна складаецца з крэмаў для твару, рук і ног. Як нам расказаў начальнік аддзела маркетынгу СТАА “ПМ і Кампанія” Ігар Сідарук, такія прадукты пакуль што не маюць аналагаў на рынках Беларусі. Аўтарытэтныя эксперты адзначаюць, што крэм са страусіным тлушчам мае шэраг карысных уласцівасцяў. Ён хутка пранікае ў глыбокія слаі скуры, актыўна іх увільгатняе. Пры прымяненні прэпарата назіраецца паскораная рэгенерацыя тканак, знікаюць усемагчымыя пачырваненні на целе. Крэм спрыяе загойванню апёкаў, парэзаў, умацоўвае сценкі сасудаў, разгладжвае няроўнасці скуры пасля вугрыстага сыпу.
- На страусінай ферме з пачатку 2011 года распачаўся актыўны продаж гэтага прэпарата. Яго якасць, прымальны кошт і наяўнасць гігіенічных сертыфікатаў Беларусі і Расіі дазваляюць гаварыць аб высокай канкурэнтаздольнасці на ўнутраных рынках, - адзначае Ігар Сідарук. - У бліжэйшы час крэм паступіць у айчынную гандлёвую сетку. Вывучаецца магчымасць рэалізацыі прадукцыі з кобрынскай сыравіны ў краінах блізкага і далёкага замежжа. У канцы мінулага года быў паспяхова рэалізаваны яшчэ адзін сумесны бізнес-праект СТАА “ПМ і Кампанія” і фірмы “Білтонг” па выпуску ў невялікіх пакеціках сухога вяленага страусінага мяса з водарам чылі, часнаку і з арыгінальным смакам. Гэты прадукт пазіцыяніруецца як снекавы (хуткае зняцце голаду). У адрозненне ад свініны, такое мяса мае нізкую каларыйнасць і падыходзіць і для дыетычнага харчавання. Вяленае страусінае мяса з Кобрына ўжо высока ацанілі першыя сталічныя спажыўцы.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота з архіва СТАА “ПМ і Кампанія”.
Поделиться в соцсетях: