У школе – як у жыцці. Можна проста і без асаблівых намаганняў асвойваць вучэбную праграму і атрымаць атэстат. Але ёсць і іншы шлях – непарыўна звязаны з цікавай штодзённай працай, з пастаянным імкненнем да самаўдасканалення і да новых вышынь. Менавіта яго выбіраюць удзельнікі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, трэці, абласны этап якой нядаўна распачаўся на Кобрыншчыне. Сёлета наш горад прымаў удзельнікаў абласнога тура алімпіяды па беларускай мове і працоўным навучанні. Урачыстае адкрыццё адбылося ў Палацы культуры.
Як адзначыў у час цырымоніі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, хочацца падзякаваць усім удзельнікам перш за ўсё за тое, што яны не абыякавыя да жыцця і да тых магчымасцяў, якія яно прапаноўвае. Таму што поспехі і перамогі, якіх удзельнікі алімпіяд дасягаюць ужо сёння, з’яўляюцца выдатнай школай жыцця, якая вучыць працавітасці і мэтанакіраванасці.А ўжо на другі дзень усіх канкурсантаў чакалі суровыя выпрабаванні – урачыстае адкрыццё змянілася напружанай працай. Наша знаёмства з абласным этапам алімпіяды пачалося ў Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сферы абслугоўвання, дзе праходзіла алімпіяда па беларускай мове. Усяго ў ёй прынялі ўдзел 97 вучняў, якія павінны былі напісаць водзыў на тэкст, прайсці комплексную праверку ведання мовы і прадставіць вуснае выказванне.
Мы не сталі перашкаджаць засяроджаным філолагам і перамясціліся ў Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж, на базе якога праходзіў трэці этап алімпіяды па працоўным навучанні, а ў прыватнасці – па тэхнічнай працы сярод хлопчыкаў (дзяўчынкі спаборнічалі на базе СШ № 7). Прынамсі, справа атрымалася вельмі відовішчная і цікавая. У майстэрнях разносіўся непаўторны пах свежай стружкі, чулася бадзёрае шорканне пілак і рубанкаў – канкурсанты з 9-х класаў выконвалі практычнае заданне, пачынаючы ад тэхналагічнай карты і заканчваючы гатовымі вырабамі, да якіх прад’яўляўся цэлы шэраг самых разнастайных патрабаванняў. Ну а на трэцім паверсе прадстаўнікі старэйшай групы займаліся абаронай творчых праектаў – і тут сапраўды было на што паглядзець і аб чым паслухаць. Прадметы быту і інтэр’ера, макеты разнастайных механізмаў і самі механізмы на самай справе ўражвалі дасканаласцю выканання, нечаканасцю ўвасаблення і тонкай работай.
- Можна сказаць без перабольшання – узровень канкурсантаў расце, - падзяліўся сваімі ўражаннямі метадыст Брэсцкага абласнога Інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Чаркасевіч. – Растуць тэхнічны ўзровень выканання работ, складанасць тэхналагічнага працэсу, часта ў адной рабоце спалучаюцца элементы з самых розных матэрыялаў – адным словам, прагрэс відавочны.Зразумела, конкурс ёсць конкурс – і дыпломы пераможцаў атрымаюць не ўсе прэтэндэнты. Аднак відавочна: менавіта яны, удзельнікі абласнога тура рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, з’яўляюцца лепшым вынікам высакароднай працы педагогаў і самым выдатным укладам у будучыню нашай краіны.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: