Лічаныя тыдні засталіся да навагодніх святаў, якія, як вядома, з нецярплівасцю чакаюць як дзеці, так і дарослыя. Нярэдка нашыя пастаянныя чытачы звяртаюцца ў рэдакцыю з пытаннем: ці рыхтуюць што-небудзь арыгінальнае да сёлетніх святаў новыя раённыя ўлады? Удакладніць сітуацыю дапамог намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, які ў эксклюзіўным інтэрв’ю “КВ” раскрывае “галоўныя карты” святкавання Новага года.- Сёлета было вырашана захаваць добрую традыцыю, якая з году ў год радуе сэрца і вока – правесці конкурс па святочным афармленні тэрыторый устаноў сацыяльнай сферы, прадпрыемстваў, арганізацый і індывідуальных домаўладанняў. Лепшыя крэатыўныя работы, несумненна, будуць адзначаны граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі. Але ёсць і сюрпрызы, якія, спадзяюся, спадабаюцца нашым жыхарам і гасцям горада. Па-першае, 25 снежня нас чакае ўжо традыцыйнае для Кобрына мерапрыемства – святочнае шэсце Дзедаў Марозаў. Па-другое, ужо прывычная прыгажуня-ёлка, якая ўстанаўлівалася на плошчы Леніна, зменіць “прапіску”. Цяпер яе можна будзе ўбачыць на пляцоўцы каля лядовай арэны. Спецыялісты па ўпрыгажэнні горада зробяць усё, каб стварыць навокал рамантычную атмасферу. А на цэнтральнай плошчы горада з’явіцца другая, новая ёлка. Над яе праектам і стварэннем плённа папрацавалі работнікі Грушаўскага рамонтна-механічнага завода. Гэты выраб будзе паўтараць геаметрыю натуральнага дрэва, якое расце ў лесе.На адрэзку вуліцы Суворава - ад вул. Кастрычніцкай да помніка кобрынскім князям - супрацоўнікі КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” будуць рэалізоўваць дызайнерскі святочны праект “Зімовая казка”. Гэта частка вуліцы будзе аздабляцца маленькімі ёлачкамі, разнастайнай ілюмінацыяй, малымі архітэктурнымі формамі, фігурамі казачных персанажаў. У якасці прыкладу мы выкарысталі некаторыя напрацоўкі г. Бярозы. Кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта шчыра дзякуе прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам, у тым ліку суб’ектам малога прадпрымальніцтва Кобрыншчыны, якія натхнёна падтрымалі ідэю гэтага незвычайнага праекта і аказалі спонсарскую дапамогу.Практычная рэалізацыя праекта павінна завяршыцца 12 снежня. Шчыра запрашаем палюбавацца ўпрыгожанай вуліцай Суворава і хоць на хвілінку пабываць у сапраўднай казцы!Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: прыкладна так будзе выглядаць вуліца Суворава ў г. Кобрыне ў святочны час.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: