Менавіта так прайшоў на Кобрыншчыне Дзень моладзі, падчас якога імпрэза па душы знайшлася літаральна для кожнага. Прадстаўнікі нашага маладога пакалення ў чарговы раз пацвердзілі, што ў стане і здзівіць, і зацікавіць, і прадэманстраваць на самай справе выдатныя здольнасці, прычым у самых разнастайных сферах.
Самымі першымі святочны дзень адкрылі спартсмены, якія ўжо а дзясятай гадзіне раніцы распачалі на стадыёне “Юнацтва” спаборніцтвы па стрытболу. Аб тым, чаму быў абраны менавіта гэты спорт, мы вырашылі запытацца ў намесніка начальніка па спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Паўла Адамовіча.- Стрытбол, як і баскетбол, пакуль што не мае шырокага распаўсюджання ў спартыўных установах Кобрыншчыны, між тым з кожным годам набірае папулярнасць сярод моладзі. У сённяшніх спаборніцтвах, мэтай якіх стала папулярызацыя гэтага віду спорту, прымаюць удзел 13 каманд як ад прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна, так і, што называецца, дваровага складу. Тое, што наша моладзь так актыўна адклікнулася на заклік прыняць удзел у спаборніцтвах, яшчэ раз пацвярджае факт, што здаровы лад жыцця для сучасных маладых кабрынчан – не проста прыгожыя словы.
Зусім побач, каля амфітэатра, сваіх гасцей вітала сумесная акцыя Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі і нашай “раёнкі”, якія ў святочнай атмасферы з удзелам начальніка Кобрынскага РУП Наталлі Міхнёнак і галоўнага рэдактара “КВ” Рамана Мельніка правялі чарговы Дзень падпісчыка. Нягледзячы на моцную спёку, людзі прыходзілі за “раёнкай” не толькі для сябе, але і для сваіх калег. Менавіта так зрабіла галоўны эканаміст ККРУП “Парк імя А.В.Суворава” Крысціна Карніцкая, якая падпісала адразу 9 экземпляраў і адзначыла, што “Кобрынскі веснік” – гэта на самай справе выдатная магчымасць атрымліваць своечасовыя і якасныя навіны пра ўсе сферы жыцця нашай Кобрыншчыны.
Не пуставала ў гэты дзень і пляцоўка каля ўваходу ў парк. Тут гасцей чакаў цэлы шэраг разнастайных прапаноў і цікавых відовішчаў. У рамках праекта “Стыль жыцця” спрабавалі свае сілы маладзёжныя музычныя гурты, побач усе жадаючыя маглі пагуляць у фларбол, прыняць удзел у спартыўных эстафетах ці, напрыклад, ад душы паскакаць на батуце.
Ну а відовішча, якое разгарнулася крыху пазней, стала сапраўдным увасабленнем яркасці і рознакаляровасці ў поўным сэнсе гэтага слова: да кабрынчан прыехаў фестываль фарбаў HOLY, гісторыя якога бярэ свой пачатак ад індуісцкага свята вясны. Сутнасць заключалася ў тым, што ўсе жадаючыя, рухаючыся пад бадзёрую танцавальную музыку, шчодра абсыпалі адзін аднаго і ўсё навокал яркімі парашковымі фарбамі, якія можна было набыць на месцы. Як заяўлялі арганізатары, змыць фарбу простай вадою як з цела, так і з вопраткі не складае ніякай цяжкасці. Магчымасцю з усім энтузіязмам скарысталіся не толькі дзеці і падлеткі, але і дарослыя, і зусім хутка склалася такое ўражанне, што ў нашым любімым парку раптам высадзілася пасля змены вялізная брыгада маляроў.
А вось у музеі імя А.В. Суворава праходзіў куды больш інтэлектуальны этап свята: тут узяла старт чарговая квэст-гульня “Родны горад-2016”. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 4 каманды: “Сырнікі” ад ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод”, “Жыві як хочаш” ад КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”, “Вясёлыя квэстары” ад ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” і “Маркеры” ад ВУП “Брэсцкія традыцыі”.- У Год культуры мы вырашылі накіраваць нашых удзельнікаў па культурных установах Кобрыншчыны, - расказвае дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава Алена Бабенка. – Адпаведную тэматыку маюць і заданні, звязаныя са спецыфікай арганізацый і ўстаноў, якія ўдзельнікі наведаюць на маршрутах. Пунктамі маршрутаў стануць наш музей, Палац культуры, кінатэатр “Радуга”, Кобрынская дзіцячая школа мастацтваў, Кобрынская цэнтральная рённая бібліятэка і парк імя А.В. Суворава.Такім чынам усе ўдзельнікі атрымалі выдатную нагоду дакрануцца да нашых культурных вытокаў і аднавіць у памяці асноўныя веды з гэтай сферы. Для таго, каб стаць пераможцам, трэба было правільна адказаць на максімальную колькасць пытанняў, набраць максімальную колькасць балаў і, зразумела, паспець зрабіць усё гэта за выдзелены час. Лепей за ўсіх з гэтымі задачамі справілася яркая каманда “Сырнікі” з ААТ “Кобрынскі МСЗ”, якая і стала пераможцам квэст-гульні “Родны горад-2016”, другое месца – у каманды ВУП “Брэсцкія традыцыі”, трэцяе заваявалі эрудыты з ААТ “Кобрынская птушкафабрыка”, а чацвёртае дасталося камандзе КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”.Не засталіся ўбаку і аматары музыкі і танцаў практычна ўсіх накірункаў. На танцавальнай пляцоўцы прадстаўнікоў розных узростаў сабралі дзіцячая гульнявая дыскатэка “Будучае пакаленне” і танцавальны вечар “Для тых, хто не лічыць гады”, крыху пазней на змену ім прыйшла канцэртная праграма ў падтрымку акцыі “Я люблю БРСМ”. Завяршаючым этапам дня стаў канцэрт беларускага калектыву “Дай дарогу!”, які плаўна перайшоў у маладзёжную дыскатэку. Адным словам, цікавых і разнастайных падзей хапіла на ўсіх.Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКАХ аўтара: фота 1 - апошні наказ перад стартам квэст-гульні «Родны горад-2016» капітанам каманд даюць начальнік аддзела ідэалогічнай работы, культуры і па справах моладзі Надзея Жук (злева) і Алена Бабенка (2-я справа); фота 2 - аператар сувязі 3-га аддзялення Кобрынскага РУПС Юлія Капуза і галоўны рэдактар “КВ” Раман Мельнік уручаюць памятныя падарункі першай падпісчыцы дня Крысціне Карніцкай; фота 3, 4 - моманты спаборніцтваў па стрытболе і фларболе; фота 5, 6 - на свяце фарбаў HOLY.
Поделиться в соцсетях: