“Бывай, наш любімы ліцэй!”Сёлета са сцен Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання выйшлі 173 выпускнікі. 30 чэрвеня прайшоў выпускны вечар, якім падвялі апошнюю рысу пад сваім ліцэйскім жыццём. Адначасова радаснай і сумнай стала гэтая падзея для педагагічнага калектыву ўстановы. Як заўважыла намеснік дырэктара ліцэя па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Ляўчук, сёлетнія выпускнікі вызначаліся актыўным удзелам у разнастайных мерапрыемствах, складалі “касцяк” валанцёрскай групы “Будзь з намі!”, і іх установе будзе не ставаць. Выдатным быў выпуск і па паспяховасці ў навучанні: дыпломамі з адзнакай ушанаваны 9 чалавек.
Супярэчлівыя эмоцыі адчувалі і самі выпускнікі. З трапятаннем успаміналі яны найбольш яркія моманты свайго юнацтва, якія перажывалі ў сценах ліцэя. Цікава, але шчаслівыя імгненні, якімі наперабой дзяліліся экс-навучэнцы, непрыкметна перацякалі ў словы ўдзячнасці ў адрас выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.Цырымонію ўручэння дыпломаў і пісьмаў падзякі выпускнікам ажыццявіў дырэктар ліцэя Віктар Нічыпарук. Стрымаць слёзы ў гэты момант наўрад ці ўдалося хоць каму-небудзь з прысутных. Цёплая пранікнёная атмасфера, глыбока пранізаная ноткамі развітання, акунула ўдзельнікаў імпрэзы ва ўласныя ўспаміны маладосці. Здавалася, выпускнікі сталелі на вачах. Быццам усведамленне таго, што ўжо заўтра будзе іншае, дарослае жыццё, ураз зрабіла іх на галаву вышэй за сваіх меншых таварышаў-ліцэістаў.- Шмат што чакае вас на вашым шляху, але за спінай заўсёды будзе ліцэй, які вы яшчэ не раз успомніце”, - сцвярджальна гучалі са сцэны словы вядучых.Былі ў зале і тыя, хто ўжо праз год пасля выпускных фанфараў адчуў патрэбу наведаць ліцэй. Так, па прафесіі “Повар” з дадатковай спецыялізацыяй кандытара і афіцыянта пакінула ўстанову ў мінулым годзе Кацярына Уласюк. Зараз дзяўчына працуе поварам у кафэ “Калі ласка” ў Маларыце. “Работа спорыцца, уменняў хапае, дзякуй за гэта нашаму ліцэю”, - упэўнена адзначыла госця.
Дарэчы, з працаўладкаваннем выпускнікі ўстановы праблем не маюць, так як падлягаюць стопрацэнтнаму размеркаванню. Нягледзячы на пэўнае напружанне, якое апошнім часам склалася на рынку працы, захавалася гэтая традыцыя і сёлета. Сакрэт запатрабаванасці выпускнікоў ліцэя даволі просты: гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: