Вс, 23 марта 2025
Прогноз погоды

Салодкі смак беларускай мовы

09/03/2021 Конкурсы

У вёсцы Залессе, што на Кобрыншчыне, стала добрай традыцыяй напрыканцы лютага ладзіць свята-конкурс песні і паэзіі “Беларуская мова – мелодыя душы”. Арганізатары мерапрыемства Залескі цэнтр культуры і вольнага часу і Залеская публічная бібліятэка, але геаграфія конкурсу выйшла за межы адной вёскі, і ён атрымаўся раённым.

У гэтым годзе конкурс прайшоў у два этапы. Першы быў завочным: удзельнікі дасылалі ў арганізацыйны камітэт конкурснае відэа – песню ці верш у асабістым выкананні на адпаведную намінацыю. У выніку члены журы прагледзелі 36 відэаматэрыялаў. У выніку самыя лепшыя выканаўцы прынялі ўдзел у гала-канцэрце і прадэманстравалі свае таленты вакалістаў і чытальнікаў перад гледачамі.

Гукі беларускай мовы, якія чаравалі слых, ліліся са сцэны Залескага Цэнтра культуры і вольнага часу. Першым канцэртным нумарам стала выступленне члена журы намінацыі “Паэзія”, паэткі Наталлі Кандрашук, якая дэкламавала асабісты верш. Дарэчы, і сярод канкурсантаў былі тыя, хто даслаў на суд журы таксама свае вершаваныя сачыненні. Напрыклад, гледачы змаглі атрымаць асалоду ад меладычных радкоў члена літаратурнага клуба “ПоэтиКо” Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыны Міхалюк.

Літаральна кожны вакальны і паэтычны нумар быў свайго роду міні-спектаклем. Выканаўцы, увасабляючыся ў ролю лірычнага героя, па-сапраўднаму “ігралі” песню ці верш, голасам, жэстамі і дзеямі на сцэне перадавалі настрой аўтара і змест твора.

Самым хвалюючым і доўгачаканым момантам стала ўзнагароджанне. Журы вызначыла лаўрэатаў і дыпламантаў трох ступеняў сярод дзяцей і лаўрэатаў сярод дарослых у намінацыях “Паэзія” і “Песня”. Вызначаны былі і ўладальнікі гран-пры ў кожнай з намінацый: сярод чытальнікаў – Таццяна Гунько з Кобрына, сярод вакалістаў – таксама кабрынчанка Анастасія Верамейчык. Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія прызы ад ТАА “Еўрагандаль”.

Цікавым дадаткам да канцэртнай праграмы сталі кніжная выстаўка “Жывое ў вяках беларускае слова” і этнаграфічны куток “Бабуліна спадчына”.

Наталля Ефціфеева, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Фота аўтара

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу