І льецца песня

«Ляцеў воран маладзенькі цераз зялён сад, а ў тым садзе размаўлялі дзеўка і казак», – льюцца са сцэны на прыгожай меладычнай мове радкі народнай песні. Расчуленыя слухачы не могуць стрымаць сваіх эмоцый ад  той энергіі, якую ім пасылаюць удзельнікі народнага ансамбля Кобрынскага Палаца культуры «Росніца». І так вось ужо 22 гады калектыў трымае ў сваім палоне залу, бо кожны, хто хоць аднойчы дакрануўся да творчасці гэтага калектыву, становіцца яго прыхільнікам назаўсёды.

 «Росніца», сапраўды, як тая трава, ад якой атрымаў сваю назву калектыў, – звонку непрыкметная, але такая карысная для чалавека, бо здольна вылечыць яго ад розных хвароб.  Як лечыць трава, так і лечыць песня – упэўнены артысты, таму ўкладаюць у кожнае выступленне ўсю сваю душу.

 – Многія ведаюць нас яшчэ як «Крынічку», да 2020 года мы насілі такую назву, – заўважае  Арцём Хацімка, які 5 гадоў кіруе калектывам.

У спадчыну ад былых кіраўнікоў, першым з якіх быў Іван Бакацюк, Арцём Мікалаевіч атрымаў ужо ансамбль са сваім імем і біяграфіяй, якія павінен быў замацаваць новымі творчымі поспехамі. І яму гэта ўдаецца. Раз у тры гады ансамбль з поспехам пацвярджае званне «народнага». Зараз калектыў налічвае 15 чалавек, 10 з якіх складаюць вакальную групу, 5 – музычную. Людзі – розныя па прафесіі, некаторыя зусім далёкія ад музыкі: слесар, прадавец-касір, падатковы работнік…

 – Спяваць можа, як кажуць, і чалавек з вуліцы, а вось што датычыць гульні на такіх музычных інструментах, як, напрыклад, цымбалы, баян,  бас-гітара ці ўдарныя, то тут складаней. Усе нашы акампаніятары маюць музычную адукацыю, – заўважае кіраўнік.

Як лічыць Арцём Хацімка, толькі калектыў, які мае свой твар, што адрознівае яго ад іншых, запамінаецца слухачу і выклікае ў яго эмоцыі.

Ёсць свая разынка, безумоўна, і ў «Росніцы». Складаецца яна з многіх рэчаў, у тым ліку і з рэпертуару, да выбару якога ў калектыве падыходзяць вельмі адказна. Большая яго частка – гэта беларускія і рускія народныя песні, стылізаваныя пад эстрадныя, ёсць таксама і аўтарскія. Аранжыроўку да песень падбірае Арцём Мікалаевіч у большасці сам, часам яму дапамагае яго калега Аляксандр Шчасюк, які працуе гукарэжысёрам у Кобрынскім Палацы культуры. Песні бяруцца рознапланавыя: якія падыходзяць да любога свята, і пэўнай накіраванасці – прымеркаваныя да канкрэтнай падзеі.

Як лічаць музыканты, праз мастацтва можна многае данесці да аўдыторыі. Яно здольна выхаваць у чалавека найлепшыя якасці. У Год гістарычнай памяці калектыў вялікую ўвагу надае тэме гістарычнага мінулага роднага краю, яго слаўным старонкам, традыцыям беларускага народа.

Два разы на тыдзень па дзве гадзіны аматары мастацтва збіраюцца ў Палацы культуры на рэпетыцыі.

– Так, гэта нямнога. Таму выкладваюцца ўсе. Сабрацца кожны раз у поўным складзе не заўсёды атрымліваецца – у кожнага сям’я, работа, хатнія справы. Але гэта не здымае з нас адказнасці – у час выступлення ўсё павінна гучаць бездакорна, слухач адразу адчуе фальшывыя ноты, – заўважае  Арцём Мікалаевіч.

Калектыў «Росніцы» – гэта не нешта пастаяннае, ён мяняецца, прыходзяць новыя людзі са сфарміраванымі характарамі,  розныя па тэмпераменце. Задача Арцёма Мікалаевіча як кіраўніка дапамагчы ім уліцца, адчуць сябе часткай аднаго цэлага, заставіць усе галасы гучаць ва ўнісон.  Таму рэпетыцыі – гэта не проста «прагон» песень, якія ёсць у рэпертуары, гэта пастаяннае адточванне музычных навыкаў. 

 Галоўныя слухачы «Росніцы» – гэта кабрынчане. З выступленнем ансамбля праходзяць усе значныя мерапрыемствы ў горадзе. Яго удзельнікаў любяць, іх чакаюць, ім пасылае свае апладысменты зала. І для іх гэта самая вялікая ўзнагарода.

 Кацярына ЮКЛЯЕЎСКІХ, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар ІМПЗ па Кобрынскім раёне:

– У калектыве я 11 гадоў. Трапіла сюды выпаткова, а зараз не ўяўляю сябе без яго. Самае вялікае шчасце – гэта несці радасць людзям, і я вельмі задаволена, што ў мяне ёсць такая магчымасць.  Адпачываю тут душой і сэрцам. Муж і чацвёра дзяцей падтрымліваюць маё захапленне, разумеюць, што для мяне гэта важна.  Аддаючы частку сябе на канцэртах, наўзамен атрымліваю ўдвая больш.

Андрэй Амельянчук, слесар ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» філіял «Кобрынскае ўпраўленне магістральных газаправодаў»:

 – Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.  Так атрымалася, што зараз працую зусім у другой сферы. Але з мастацтвам назаўжды не развітаўся. Любоў да музыкі і песні прывяла мяне ў ансамбль.  Прыемна сустракацца з калектывам, ён у нас вельмі дружны. Тут заўсёды можна знайсці падтрымку. А сцэна… Гэта добрая перазагрузка. 

Алена БАКУН

Фота: Алена БАКУН