З Богам рабі дабро

Пад такой назвай якраз да свайго 71 дня нараджэння Вера Жарын выдала новую кнігу. З 2000 года, калі жанчына з Хабовічаў адкрыла ў сабе літаратурны талент, гэта ўжо чацвёрты зборнік яе твораў. Пераважна аўтар піша вершы, але спрабуе сябе і ў іншых жанрах. «Чалавечным ты будзь, чалавек!» (2009), «Даруй ты нам, Божа» (2014) «Паломніцтва на святую зямлю Іерусалім» (2017) – у выдадзеных кнігах Вера Жарын трапнымі радкамі расказвае пра сваё жыццё. Іх назвы гавораць пра набожнасць нашай гераіні. Вера ў Бога дае ёй сілы спраўляцца з выпрабаваннямі лёсу.

За адзнакай ветэрана працы стаіць напружаная работа Веры Жарын у сельскагаспадарчай галіне. Набыўшы спецыяльнасць агранома ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме, Вера Васільеўна назаўсёды пераехала з родных Ляхчыцаў у Хабовічы. Працавала ў мясцовым калгасе імя Кутузава брыгадзірам 1-й і 2-й паляводчай брыгад, нарміроўшчыкам, за што мае ў скарбонцы дасягненняў Ганаровую грамату Цэнтральнага камітэта камсамола Беларусі.
Выразная рыса нашай гераіні – неабы-якавасць. Колькі думак і перажыванняў даверыла жанчына пяру і паперы!

У новай кнізе «З Богам рабі дабро» ў кантэксце сучасных падзеяў аўтар надала вялікую ўвагу тэме ўзаемаадносінаў паміж славянскімі народамі. Чырвонай ніткай прайшла думка аб каштоўнасці міру. «Не вайне!» – гаворыць жанчына і заклікае сваіх чытачоў быць цярплівымі, міласэрнымі, чулымі.

Пошли ты нам, Господи,
Кротость и счастье!
И будь со мной рядом в болезни, в ненастье,
Пускай все невзгоды пройдут стороной.
Любовь твоя, милость во мне и со мной.

Якія жахі нясе вайна, Вера Жарын ведае па сваёй сям’і. Яе дзед па мамінай лініі Мікіта Рагачук удзельнічаў у першай су-светнай вайне, ён і яго сваякі адчулі на сабе тактыку выпаленай зямлі. Родныя браты дзеда Іван і Антон Рагачукі прымалі ўдзел у Навасёлкаўскім паўстанні ў 1933 годзе, у гады Вялікай Айчыннай вайны дапамагалі партызанам, за што разам са сваімі сем’ямі – усяго 9 чалавек – былі расстраляны. Вера Васільеўна часта наведваецца на іх магілы, якія знаходзяцца за Ляхчыцамі. «Мы павінны ведаць свае карані, бо так пішацца гісторыя», – сцвярджае жанчына. У вялікай сям’і Веры Жарын – а ў яе трое дзяцей, 8 унукаў і 3 праўнукі – ведаюць свой радавод і шануюць памяць пра блізкіх. Генеалагічнае дрэва расказвае і пра творчых людзей. Так, дзед Веры Жарын па бацькавай лініі Фёдар Прыступчык іграў на скрыпцы.

Бацька Васіль Фёдаравіч і брат Леанід валодалі ігрой на гармоніку.

Тэматыка твораў новай кнігі і папярэдніх зборнікаў пераклікаецца.

Многа цёплых радкоў адрасуе аўтар родным Ляхчыцам, захапляючыся прыгажосцю і ўнікальнасцю вёскі. Шчыра любіць паэтка і сваіх землякоў, трапным словам апісвае іх характары і нораў. Асаблівае месца ў яе творчасці займае тэма працы. «Хлеб – гэта жыццё на Зямлі», – сцвярджае яна і ўдзячна славіць намаганні хлебаробаў. Хвалюе аўтара і адвечнае, у тым ліку супрацьстаянне дабра і зла. У новай кнізе змешчана апавяданне, дзе яна ў чарговы раз разважае над гэтай тэмай.

Золотая осень
Золотая осень,
Жёлтый листопад.
Листья с тех берёзок
К нам во двор летят.
Красный куст калины
Зреет под окном.
В тёплый день осенний
Я пройдусь пешком.
В поле, за дорогой,
Там шумела рожь…
Ах, тропинка узкая,
Ты куда ведёшь?
Я спускаюсь к речке,
Камыши шумят.
Высоко на небе
Журавли летят.
Жёлтая полянка
Навевает грусть.
Лето пролетело.
Осень. Ну и пусть!
Загляну здесь рядом
Я в сосновый бор.
В детстве здесь бывала.
Он шумит с тех пор.
Под сосной маслята.
Вот и боровик.
За пеньком опята.
Дальше – полевик…
Полное лукошко
Я грибов несу,
Разбиваю палкой крепкую росу.
По аллеям сада я иду назад,
Под ногами листья
Пёстрые шуршат.

Як добрага, справядлівага чалавека ведаюць нашу гераіню ў народным аматарскім аб’яднанні «Белы бусел» Кобрынскага Палаца культуры, членам якога яна з’яўляецца. Разам са сваімі калегамі па пяры Вера Васільеўна часта выступае на сцэнічных пляцоўках горада і раёна, дзе чытае не толькі вершы, але і спявае песні (многія вершы Вера Жарын з дапамогай прафесіяналаў паклала на музыку). Асабліва падабаюцца ёй сустрэчы з моладдзю. «У руках маладых будучыня нашай краіны. Захаваць і памножыць матэрыяльную і духоўную спадчыну сваіх папярэднікаў – іх святы абавязак», – заўважае Вера Жарын, якая сама выдзяляецца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і заўсёды ахвотна адклікаецца на грамадскія ініцыятывы.

Ёсць у Веры Жарын і дасягненні на літаратурнай ніве. Яна была дыпламантам міжнароднага фестывалю аўтарскай песні «Залатая восень – 2001», раённага «Парада талентаў – 2011», яе творы ўваходзяць у калектыўныя зборнікі паэтаў Кобрыншчыны. Але, як заўважыла наша гераіня, самае галоўнае, каб гучныя апладысменты, якімі шчодра адорваюць яе слухачы, пераходзілі ў дзеянні і ўчынкі на карысць Радзімы, якую яна сама шчыра любіць.

Людміла ДУБІНА
Фота: Людміла Дубіна