За зэканомленае паліва можна сесці ў турму

Па даных пракуратуры Кобрынскага раёна, з пачатку мінулага года ў горадзе і раёне ўжо зафіксавана 9 крымінальных спраў па фактах продажу паліва.


Так, вадзіцель фабрыкі “Ручайка” Анатоль* двойчы прысвоіў па дзвесці літраў дызельнага паліва на суму два з паловай мільёны рублёў. Мужчына працаваў на службовым аўтамабілі “МАЗ”, вазіў тавар фабрыкі па ўсіх краінах СНД. Згодна з заключаным дагаворам нёс поўную матэрыяльную адказнасць.
У час камандзіровак вадзіцель атрымліваў электронную карту і наяўныя грошы для аплаты запраўкі палівам аўтамабіля.
Аднак адсутнасць на прадпрыемстве належнага кантролю расходавання паліва спрыяла злоўжыванням. Вадзіцелю давяралі самастойна замяраць рэшткі паліва. Ведаючы, што за кошт эканоміі ўтварыліся лішкі, ён прапанаваў для продажу 200 літраў дызельнага паліва. І камерцыя была зроблена. Аднак суд расцаніў гэта, як махінацыю.
Такое ж парушэнне выяўлена і на ААТ “Гідрамаш”. Там вадзіцель “сэканоміў“ 100 літраў, упаследку паліва прадаў. І атрымаў штраф 1 млн. рублёў.
А вось ў ТАА “Тоніка-Аўта» адбылася яшчэ больш цікавая гісторыя. Вадзіцель, раней судзімы за крадзеж, “назапраўляў” 858 літраў на суму 5,41 млн. рублёў. Суд пакараў яго на два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Вадзіцель таксама атрымаў штраф 5 млн. рублёў і пазбаўленне на два гады права займаць такія пасады.
– Як разважаюць вадзіцелі ў такіх сітуацыях? Яны лічаць, што раз далі паліва пэўны ліміт, то ўсё сэканомленае нейкім чынам належыць ім. І калі ты сэканоміў – то малайчына, забірай паліва дадому і рабі з ім, што хочаш, – тлумачыць памочнік пракурора Кобрынскага раёна Міхаіл Данілюк. – Аднак такія дзеянні класіфікуюцца згодна з артыкулам 211 Крымінальнага кодэксу як “Прысваенне альбо растрата”. Згодна з гэтым артыкулам парушальнікам можа пагражаць штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады і нават пазбаўленне волі да чатырох гадоў.
Настасся ЗАНЬКО.

*Імя зменена па этычных прычынах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *