Дажынкі-2021: “За плённую працу падзякуе шчодра зямля”

Сёлетні фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2021” прымаў гарадскі пасёлак Лагішын Пінскага раёна. У святочным мерапрыемстве прыняла ўдзел і кобрынская дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам.

У Лагішыне пражывае больш за 2100 чалавек, з іх – 370 дзяцей. Жыхары ўдзячны за тое, што было зроблена ў іх населеным пункце напярэдадні “Дажынак”. Абласная і раённая ўлады, шматлікія прадпрыемствы і ўстановы зрабілі вельмі многа для таго, каб невялікі пасёлак стаў сапраўднай жамчужынай Пінскага раёна. Так, упрыгожвае Лагішын новы добраўпарадкаваны сквер каля аўтастанцыі – вадаёмам, драўлянымі альтанкамі і лаўкамі, дарожкамі, металічнымі мосцікамі. У яго цэнтры ўстаноўлена скульптура ваўка – сімвала Лагішына. Істотна змянілася аўтастанцыя, адрамантаваны бальніца і лазня, пабудавана новая газавая блочна-модульна кацельня, перакладзены цеплавыя сеткі, сеткі водазабеспячэння, прыведзены ў парадак дарогі. Быў зроблены касметычны рамонт і добраўпарадкавана тэрыторыя сацыяльна-педагагічнага цэнтра і агульнаадукацыйнай школы, пошты, аб’ектаў гандлю. Змянілася да непазнавальнасці і шматпавярховая жылая забудова на ўездзе ў Лагішын. Дамы ўпрыгожылі стыльнымі графіці. А ў Дзень ведаў дзверы расчыніла Лагішынская дзяржаўная дзіцячая школа мастацтваў, якая атрымала пасля капітальнага рамонту другое жыццё.

Багаты асартымент прадукцыі на свята прадставілі арганізацыі і прадпрыемствы Брэстчыны. Сярод іх можна было ўбачыць выставы ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, Кобрынскага райспажыўтаварыства, кобрынскага фірменнага магазіна “Камунарка”  і іншыя. Кобрынскую дэлегацыю ва ўрачыстым шэсці суправаджалі работнікі культуры Кобрыншчыны, а таксама валанцёры Кобрынскай РА ГА “БРСМ” і РА РГА “Белая Русь”.

Адкрыў свята старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка. Ён падкрэсліў, што наша вобласць у чарговы раз годна справілася з пастаўленымі задачамі і сабрала добры ўраджай. Так, валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў 1 млн 176 тыс. т, рапсу – 140 тыс. т. Улічваючы капрызы надвор’я, працаўнікі рэгіёну зрабілі ўсё магчымае, каб сабраць збожжа ў тэрмін і з мінімальнымі стратамі. У сярэднім з кожнага гектара атрымалі каля 35 ц збожжа і 23 ц рапсу. Эфектыўна папрацавалі і людзі, і тэхніка. Усяго ва ўборачнай кампаніі прынялі ўдзел больш за 2200 механізатараў і 1400 вадзіцеляў, было задзейнічана амаль 1400 камбайнаў.  Губернатар падзякаваў ўсім – ад работнікаў да кіраўнікоў раёнаў і сельгаспрадпрыемстваў – за працу, арганізаванасць у рабоце, намаганні, якія былі прыкладзены да жніва. Лепшымі па выніках сталі Камянецкі (1-е месца), Жабінкаўскі (2-е) і Брэсцкі (3-е) раёны. На першым месцы сярод сельгасарганізацый у сваіх групах занялі “Савушкіна пушча” і “Макарава-агра” Камянецкага раёна. Юрый Шулейка пажадаў прысутным моцнага здароўя, поспехаў і новых працоўных перамог.

Да гэтых цёплых і шчырых слоў далучыліся і шаноўныя госці, сярод якіх – кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў, які зачытаў віншавальны адрас ад Прэзідэнта краіны, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко і многія іншыя. Ва ўрачыстай атмасферы распачалася цырымонія ўзнагароджння лідараў жніва. Пад шчырыя апладысменты прысутных падняліся на сцэну і нашы землякі, якія  сваёй працай праславілі Кобрыншчыну за яе межамі. У іх ліку механізатары з ААТ “Пакроўскі” Мікалай і Васіль Міранюкі (3-е месца сярод старшых камбайнераў і камбайнераў Брэстчыны) 2-е месца сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў заваяваў Сяргей Бугрык з ДСГУ “Кобрынская сортавыпрабавальная станцыя”. Сярод галоўных аграномаў 3-емесца ў Івана Гусака з ААТ “Агра-Кобрынскае”.

Дырэктар ААТ “Агра-Кобрынскае” Сяргей Селівестраў і дырэктар ААТ “Раданежскае” Уладзіслаў Балабушка былі ўзнагароджаны нагрудным знакам адзнакі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь  “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”. Дарэчы, Сяргей Дзмітрыевіч двойчы поднімаўся на святочную сцэну – яго прадпрыемства паказала адну з найвышэйшых ураджайнасцяў збожжа ў вобласці – 68 ц/га.   Механізатар з ААТ “Кісялёўцы” Павел Хоміч атрымаў з рук Валерыя Іванова памятны гадзіннік ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ганаровым знакам РА “Белаграсэрвіс” за асабісты ўклад у развіццё вытворчасці ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Кобрынаграмаш” Віктар Белавус. Старшы камбайнер і камбайнер з ААТ “Пакроўскі” Віктар Левашэня і Сяргей Цецярук прынялі памятныя падарункі ад гандлёва-сэрвіснага цэнтра канцэрна “АМКАДОР-Брэст”.  

А завяршылася свята яскравым канцэртам лепшых творчых калектываў Брэстчыны.

Сталіцай абласных “Дажынак” у 2022 годзе стане гарадскі пасёлак Целяханы Івацэвіцкага раёна. Падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства пачнецца ўжо зусім хутка.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота: Раман Мельнік