У цэнтры ўвагі – сваха!

Прадмет асаблівага гонару Кобрынскага раёна – убранне свахі з вёсак Лелікава і Павіцце. Традыцыі вырабу і выкарыстання гэтага народнага касцюма ў 2018 годзе былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Рэпліка касцюма свахі

У чэрвені для выставы аднаго прадмета “Экспанат для цікаўных, або Са схованак музея”, якую Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава  абнаўляе кожны месяц для сваіх наведвальнікаў, выбраны касцюм свахі. Фартух і кашуля з “вачыма”, какошнік з пер’ем – сваху з вёсак Лелікава і Павіцце ні з кім не пераблытаеш.

На выставе прадстаўлена сучасная рэпліка народнага касцюма. Шлях да яго стварэння быў доўгім…

Касцюм свахі – гэта своеасаблівая візітная картка ўсяго Кобрынскага раёна. З аднаго боку, гэта тыповы народны строй, які складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха. З другога боку, касцюм адрозніваецца павышанай дэкаратыўнасцю, адмысловым галаўным уборам – маркерам гэтага адзення.

Усе часткі касцюма пашыты з баваўняных тканін і багата аздоблены аплікацыяй. 

На палічках, рукавах, манішцы кашулі, на фартуху нашыты «вочы» – ланцужкі з закругленых ромбаў, у сярэдзіне якіх вышыты васьмікутныя зоркі. Касцюм свахі шылі «з вачыма», таму што  яна кіравала вяселлем  і ўсё павінна бачыць. Гэтыя зоркі-вочы  таксама зберагалі маладых ад сурокаў.

Адметнай асаблівасцю гэтага строю з’яўляецца незвычайны галаўны ўбор у выглядзе какошніка, упрыгожанага рознакаляровымі пучкамі пеўневых пёраў, што падкрэслівае баявы дух свахі, сваячкі жаніха.

У пачатку ХХ стагоддзя ў такім адзенні на вяселлі была старэйшая сваха і свашкі – маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшая сваха сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удзельнічала ў галоўных момантах урачыстасці.

  Супрацоўнікі музея займаліся даследаваннем асаблівасцяў касцюма свахі, працавалі з літаратурай, замалёўкамі даследчыкаў-этнографаў, старымі фотаздымкамі, музейнымі калекцыямі, распытвалі людзей сталага веку, знаёміліся з вопытам старэйшых майстрых, каб паказаць, як выглядала сваха ў мінулым стагоддзі.

Вельмі дапамаглі ў рабоце матэрыялы, якія сабралі загадчык аўтаклуба Кобрынскай раённай клубнай сістэмы Вольга  П’янцава і іншыя работнікі культуры.

У працэсе вывучэння аўтэнтычнага ўбору, шматлікіх здымкаў з выявай свахі розных гадоў з’явіліся пытанні, адказы на якія ведала галоўная захавальніца старажытнай традыцыі, жыхарка вёскі Лелікава – Анастасія  Шапяцюк. Да яе і адправіліся супрацоўнікі музея.

Анастасія Шапяцюк

Анастасія Ігнацьеўна, якая ў свой час пашыла касцюмы для сваіх унучак Дашы і Каці, падзялілася сакрэтамі вырабу ўбрання свахі. Яна  патлумачыла, што спадніца магла быць любога колеру, але вельмі часта шылі яе з чырвонай тканіны. Сваха насіла толькі адну «затулку» (фартух). Такое пытанне паўстала таму, што на Кобрыншчыне жанчыны часта насілі два фартухі адразу, пры гэтым падол верхняга падтыкаўся так, каб быў бачны ўзор на ніжнім.

Не існуе каляровай заканамернасці пры размяшчэнні стужак на спадніцы, кожная швачка размяшчае іх на свой густ. Фрагменты аплікацыі ў выглядзе “вачэй-ланцужкоў” спачатку «нажыўляюцца» ўручную, а потым усё адзенне шыецца на машынцы.

Іна Корсак і Галіна Аўдзеева

 Ёсць свае сакрэты і ў захоўванні касцюма: спадніца і фартух складваюцца па шырокіх падоўжаных складках, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах.

Для ажыўлення малюнка  трэба было знайсці майстра, якога называюць універсальным: і таленавітую швачку, і добрую закройшчыцу. Акуратная, працавітая – гэта тыя якасці, якія адрозніваюць Іну Корсак, што пагадзілася ўзяцца за адказную справу. Калі былі гатовы асобныя фрагменты касцюма, трэба было завяршыць «вочы» – вышыць у сярэдзіне зоркі.  Гэта работа была выканана вопытнай  вышывальшчыцай Галінай Аўдзеевай.

Самай складанай задачай стаў выраб галаўнога ўбора, які вылучаў сваху сярод іншых гасцей на вяселлі. Гэта пры тым, што лубяны каркас і “брэжэ” (карону  з разнакаляровых стужак, упрыгожанную пацеркамі) падарыла супрацоўнікам Анастасія Шапяцюк.

 Дэтэктыўную гісторыю нагадваў пошук пеўневага пер’я для галаўнога ўбора. Нарэшце хтосьці з супрацоўнікаў знайшоў гаспадынь, якія пагадзіліся на карысць справы заняцца зборам пеўневага пер’я. Магчыма, у некаторых пеўняў хвасты сталі радзейшыя, затое ў “кароне” з’явіліся сімпатычныя каляровыя “рожкі”, без якіх немагчыма ўявіць какошнік свахі.

Адна з задач музея – у супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі культуры і адукацыі пастарацца выратаваць усе, што можна выратаваць, адкрыць, вывучыць, захаваць і перадаць новаму пакаленню. Народны касцюм – гэта частка нашай культуры, частка нашай душы. Гэта толькі пачатак вялікай работы…

Лілія КІРЫЛЮК,

старшы навуковы супрацоўнік Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава.