Урачыстая цырымонія ўзнагароджання педагогаў Кобрыншчыны прайшла ў райвыканкаме 1 кастрычніка

Міхаіл Грышкевіч уручае грамату Кобрынскага райвыканкама намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Стрыгаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Людміле Мядзведзевай.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання педагогаў “Мы славім настаўніка працу зямную”, прысвечаная Дню настаўніка, прайшла ў райвыканкаме 1 кастрычніка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Іван Каробка, намеснік старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ала Раманюк.

Сёння мы ўшаноўваем тых, для каго сэнсам жыцця стала навучанне і выхаванне маладога пакалення, – адзначыў Міхаіл Грышкевіч. – Яны знаходзяцца ў цэнтры грамадскага жыцця горада і раёна. Сваёй апантанасцю настаўнікі запальваюць сэрцы вучняў, выхоўваюць адукаваную, інтэлектуальна і духоўна развітую моладзь, якая заўтра будзе вызначаць лёс нашай Радзімы.

Пад апладысменты прысутных Міхаіл Міхайлавіч уручыў перадавым педагогам Кобрыншчыны заслужаныя ўзнагароды, падкрэсліўшы, наколькі важна настаўніку ісці ў нагу з часам. Віншавальную эстафету падхапіў Валянцін Трубчык.

– Якіх бы вышынь чалавек не дасягаў у жыцці, ён заўсёды помніць людзей, якія яго выхоўвалі і вучылі, – заўважыў Валянцін Васільевіч. –  Нашы настаўнікі плённай працай упісваюць свае імёны ў гісторыю краіны праз  жыццё сваіх вучняў, і гэты ўклад нельга пераацаніць.

Як адзначыў Іван Каробка, сёння ва ўстановах адукацыі Кобрыншчыны працуе каля 2 тысяч педагогаў. Лепшыя з іх атрымалі ўзнагароды і з яго рук. Адзін за другім на сцэну выходзілі кіраўнікі навучальных устаноў, супрацоўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, настаўнікі, выхавальнікі і іншыя прадстаўнікі высакароднай прафесіі. Нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” атрымалі намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Сцяпан Гучык, дырэктар Кобрынскага ЦКРіН Ірэна Румянцава.

Як заўважылі педагогі, ім прыемна, што грамадскасць цэніць іх працу, але лепшай  узнагародай для любога настаўніка з’яўляюцца поспехі яго вучняў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

З УЗНАГАРОДАЙ!

Кобрынскі раённы выканаўчы камітэт ВЫРАШЫЎ

узнагародзіць Граматай Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта

за  добрасумленную плённую працу, творчую ініцыятыву, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення і ў сувязі з прафесіянальным святам – Днём настаўніка

Мядзведзеву Людмілу Сцяпанаўну – намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі  «Стрыгаўскі дзіцячы сад–сярэдняя школа»; 

Пікулу Віктара Пятровіча  –  дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Дзівінская сярэдняя школа”;

уручыць Пісьмо падзякі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта

за  добрасумленную плённую працу, творчую ініцыятыву, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення і ў сувязі з прафесіянальным святам – Днём настаўніка

Копыл Алене Леанідаўне – настаўніку пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі  «Сярэдняя школа № 9 г. Кобрына»;

Шугай Ганне Аляксееўне – метадысту дзяржаўнай навучальна-метадычнай установы “Кобрынскі раённы навучальна-метадычны кабінет”.   

***

Прэзідыум Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ВЫРАШЫЎ

узнагародзіць Ганаровай граматай Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў

за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, актыўную грамадскую дзейнасць

Варзакову Наталлю Васільеўну – намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячы сад-сярэдняя школа №4 г. Кобрына”;

Алейніка Аляксандра Яўгеньевіча – дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Залеская сярэдняя школа Кобрынскага раёна”;

уручыць Пісьмо падзякі Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў

за высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, актыўную грамадскую дзейнасць

Лагвіновічу Віктару Якаўлевічу – настаўніку матэматыкі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №6 г. Кобрына”;

Цецярук Наталлі Васільеўне – настаўніку беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Павіццеўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

***

Прэзідыум Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў ВЫРАШЫЎ

узнагародзіць Ганаровай граматай Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў

за плённую работу па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, актыўную грамадскую дзейнасць і ў сувязі з юбілейнай датай – 60-годдзем з дня нараджэння

Іванюка Валерыя Пятровіча – старшыню Залескага сельскага Савета дэпутатаў.

Віншуем!