У ААТ “Агра-Кобрынскае” бульба – на зайздрасць!

(злева направа): механізатары Віталій Вырдзін, Ілья Карпін, галоўны аграном Іван Гусак, паляводы Сяргей Захаранка і Аляксандр Марчук ацэньваюць ураджай бульбы ва ўрочышчы Хваінка.

У ААТ “Агра-Кобрынскае” прыступілі да ўборкі агародніны. Сярод іншага сёлета тут чакаюць добрага ўраджаю бульбы, якая на некаторых участках дае да 500 ц/га. Аб тым, як ідзе ўборка другога хлеба, мы запыталі ў дырэктара гаспадаркі Сяргея Селівестрава.

Усяго ў нас пасаджана 30 га бульбы. На сённяшні дзень прыбрана каля 65% плошчаў, – расказвае Сяргей Дзмітрыевіч. – Асноўным гатункам у гаспадарцы з’яўляецца “Гала”, таксама саджаем “Скарб” і “Кронэ”. Яны даюць добрую ўраджайнасць і высокі выхад таварнай прадукцыі, каля 60-70% бульбы ідзе вялікай.

Сёлета ўраджайнасць значна вышэйшая, чым у мінулым годзе, калі бульба дала каля 250 ц/га. Ва ўрочышчы Хваінка мы сустрэлі механізатара Ілью Карпіна, які працаваў на паўпрычапным бульбаўборачным камбайне вытворчасці ААТ “Гомсельмаш”. Прыгожыя, памерам з добры кулак, бульбіны, сведчаць: ураджай у гэтым годзе выдаўся на славу. Як адзначыў галоўны аграном ААТ “Агра-Кобрынскае” Іван Гусак, сакрэт просты – строгае прытрымліванне тэхналогій, у тым ліку сістэмнае ўнясенне арганікі, 4-разовая фунгіцыдная апрацоўка і пратраўленне насеннага матэрыялу.

Пасля ўборкі бульбы працаўнікам палёў належыць прыбраць 15 га капусты, 7 га морквы, 7 га – сталовых і 100 га цукровых буракоў.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.