«Дажынкі-2020» ў Дзівіне. За шчырую працу на роднай зямлі!

Дзівіншчына сустрэла абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”. У маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч, упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко, старшыня дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч, кіраўніцтва вобласці і буйнейшых прадпрыемстваў рэспублікі.

Святочная калона Кобрынскага раёна.

З самай раніцы ў Дзівіне панавала атмасфера сапраўднага свята – працаваў кірмаш, гасцей запрашаў Горад майстроў, а самых маленькіх – дзіцячыя пляцоўкі. Каля адзінаццаці гадзін на вуліцы Леніна пачала фарміравацца святочная калона з дэлегацый раёнаў Брэсцкай вобласці. На правах гаспадароў замыкалі калону кабрынчане – святочную дэлегацыю з перадавікоў жніва, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, артыстаў, духавога аркестра Палаца культуры шматлікія госці фестывалю і мясцовыя жыхары на ўсім маршруце сустракалі шчырымі апладысментамі.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч першых радах святочнай калоны.

Кульмінацыя свята разгарнулася на цэнтральнай плошчы, дзе прайшло ўрачыстае адкрыццё фестывалю-кірмашу і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю. Ва ўрачыстай атмасферы сцяг Дажынак паднялі старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатолій Ткачук, дырэктар ААТ “Агра-Калядзічы” Пружанскага раёна Аляксандр Біч і старшы камбайнер ААТ “Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” Арцём Стацэнка.

Забеспячэнне ўстойлівага развіцця аграпрамысловага комплексу – задача, якая знаходзіцца пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы, – падкрэсліў Валерый Іваноў. – Аграрыям Брэсцкай вобласці ёсць чым ганарыцца – менавіта тут выраблена кожная шостая тона збожжа ў краіне, у 2020 годзе ўраджай збожжавых і зернебабовых па вобласці перавысіў 1,3 млн т. Гэта – удзячнасць зямлі тым, хто ўкладвае ў сваю працу усю душу.

Анатолій Ліс (справа) уручае ўзнагароды пераможцам спаборніцтва па ўборцы ўраджаю сярод сельскагаспадарчых арганізацый.

Ва ўрачыстай атмасферы Валерый Іваноў уручыў старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолію Лісу прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка.

Стала добрай традыцыяй праводзіць абласныя “Дажынкі” ў невялікіх населеных пунктах – і сёння нас сустракае прыгожы, чысты і добраўпарадкаваны Дзівін, – адзначыў Анатолій Ліс. – Была праведзена вялікая работа, адрамантаваны цэлы шэраг аб’ектаў, на што з розных крыніц было выдзелена больш за 12 млн рублёў. Хацелася б выказаць шчырую ўдзячнасць райвыканкаму начале са старшынёй Міхаілам Грышкевічам, будаўнікам, энергетыкам, камунальным і дарожным службам, а таксама жыхарам аграгарадка за працу, вынікі якой мы бачым сёння. Самыя цёплыя словы – хлебаробам вобласці, дзякуючы якім Брэстчына пацвердзіла статус развітага аграрнага рэгіёну.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко ўручае Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь старшыні Кобрынскага райвыканкама Міхаілу Грышкевічу.

Пад апладысменты прысутных цырымонію ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва па ўборцы ўраджаю распачаў Іван Крупко, які ўручыў падзякі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нагрудны знак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь “За заслугі ў сельскай гаспадарцы” атрымаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. Сваіх адрасатаў знайшлі Ганаровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Падзякі прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Сярод іншых, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Яшчэ адну ўзнагароду Міхаіл Міхайлавіч атрымаў ад старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілія Хваціка, які ўручыў старшыні райвыканкама нагрудны знак “За заслугі” Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Юбілейны медаль “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі” атрымаў дырэктар ААТ “Раданежскае” Уладзіслаў Балабушка.

Узнагароды рэспубліканскага ўзроўню атрымалі галоўны аграном ААТ “Стрыгава” Мікалай Мартыновіч, старшы камбайнер ААТ “Пакроўскі” Мікалай Міранюк.

Аграпрамысловы комплекс сёння развіваецца стабільна: ва ўсіх катэгорыях гаспадарак краіна атрымала 8 млн т збожжа, што на 1 млн больш, чым у мінулым годзе, – адзначыў Іван Крупко. – Забяспечаны дзяржаўны заказ, значыць у прадпрыемстваў ёсць работа на цэлы год. Жывёлагадоўля забяспечана кармамі: мы чакаем рост аб’ёма вытворчасці 105,5%. Брэсцкая вобласць з’яўляецца флагманам краіны ў жывёлагадоўлі і лакаматывам – у вытворчасці малака, добрыя вынікі паказвае і раслінаводства. З “Дажынкамі” вас і з хлебам!

Пераможцы абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў  на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернабабовых культур – вадзіцель ААТ “Стрыгава” Артур Бех і галоўны інжынер ААТ “Агра-Кобрынскае” Уладзімір Цыгун (злева).

Ва ўрачыстай атмасферы Анатолій Ліс уручыў дыпломы за 1-е, 2-е і 3-е месцы ў спаборніцтве сярод раёнаў Брэстчыны (адпаведна) старшыні Іванаўскага райвыканкама Анатолію Ткачуку, старшыні Пружанскага райвыканкама Юрыю Бісуну і старшыні Камянецкага райвыканкама Валянціну Зайчуку, а таксама ўзнагароды кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый. Святочную эстафету падхапілі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валерый Рабкавец і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Барташ. Сярод іншых, узнагароды пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю атрымалі і кабрынчане: вадзіцель Кобрынскай сортавыпрабавальнай станцыі Сяргей Бугрык, галоўны інжынер ААТ “Агра-Кобрынскае” Уладзімір Цыгун, вадзіцель ААТ “Стрыгава” Артур Бех. Дзмітрый Матусевіч уручыў дыплом пераможцы конкурсу-агляду “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў” дырэктару Кобрынскага доследнага лясгаса Аляксандру Куліку. Генеральны дырэктар ААТ “Бабруйскаграмаш” Надзея Лазарэвіч павіншавала са святам усіх жанчын, занятых у сельскай гаспадарцы і ўручыла падарачныя сертыфікаты дырэктару Дзівінскай сярэдняй школы Віктару Пікуле і галоўнаму ўрачу Дзівінскай участковай бальніцы Аляксандру Дэйко. Завяршылася цырымонія ўзнагароджвання відовішчным святочным канцэртам.

Гуляй, святочны кірмаш!

На свята цэнтр аграгарадка пераўтварыўся ў адну вялікую пляцоўку для гандлю і адпачынку, дзе можна было набыць сувеніры, карысныя рэчы альбо проста пабавіць час.

Кожнае прадпрыемства хацела здзівіць гасцей. Прадстаўнікі малочнай і мясной прамысловасці прапаноўвалі пакупнікам не толькі шырокі асартымент сваёй прадукцыі, але і праводзілі латарэі і дэгустацыі навінак.

Адкрытыя вулічныя кафэ вабілі да сябе не толькі прыемным пахам смажаніны, але і невялікімі сцэнамі-пляцоўкамі – тут можна было і паспяваць, і патанцаваць.

Вуліцы прапанавалі вялікую колькасць разнастайных фотазон, і госці актыўна карысталіся магчымасцю зрабіць прыгожыя фотаздымкі.

Напрыклад, на пляцоўцы Кобрынскага вопытнага лясгаса прыцягваў увагу велізарны лось Жорык, зроблены з моху. Тут прапанавалі пакупнікам як прыгожую фотазону, так і дэкаратыўныя расліны і мёд.

Акрамя харчовых тавараў, былі прапанаваны вырабы прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці: галаўныя ўборы, жаночае і мужчынскае адзенне, пасцельная бялізна, абрусы, вышыванкі і шмат чаго іншага можна было знайсці, пахадзіўшы па гандлёвых радах.

Асаблівае раздолле было сем’ям з дзецьмі. Тут для малых былі надзіманыя батуты, разнастайныя атракцыёны і шмат іншых забаў.

Што тычыцца сувеніраў, то цэнтральны сквер Дзівіна стаў сапраўдным горадам майстроў. Свістулькі, вышыванкі, драўляны і гліняны посуд, вырабы з берасты, магніты, пацеркі, завушніцы – усяго не пералічыць.

Вялікую святочную пляцоўку разгарнулі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі прафесіянальна-тэхнічнага накірунку. Навучэнцы са сцэны дэманстравалі свае таленты, а госці свята маглі распытаць ў педагогаў пра навучанне ў гэтых установах.

Спартыўны лад

Нягледзячы на тое, што “Дажынкі” – свята аграрыяў, традыцыйна на фестывалі ладзяцца і спартыўныя мерапрыемствы. Так, на стадыёне сярэдняй школы былі арганізаваны сустрэчы па футболе мясцовых каманд і каманд з Кобрына і Драгічына.

На валейбольнай пляцоўцы сустрэліся каманды з Дзівіна і Павіцця.

Пераможцы гульняў, безумоўна, вызначаліся, але добры настрой і пазітыўныя эмоцыі – лепшы падарунак для спартсменаў.

Гучы, песня!

Пасля цырымоніі ўзнагароджання галоўная сцэна ператварылася ў канцэртную пляцоўку. Гледачам быў прадстаўлены канцэрт духавога аркестра і вакальнай групы “Адзінства” Пінскага пагранатрада. Пагранічнікі, дарэчы, добра вядомыя дзівінскай публіцы – ваенныя не раз станавіліся ўдзельнікамі святочных мерапрыемстваў аграгарадка.

Выступленне камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі дало магчымасць гасцям дакрануцца да мастацтва класічнай музыкі.

На свята прыехалі і кобрынскія артысты: Арцём Хацімка, Дзмітрый Яфрэменка, Сафія Ярашук, народны ансамбль песні “Ясніца” і іншыя.

Калі на сцэну выйшаў ансамбль народнай музыкі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь “Бяседа”, то ў зале і на пляцоўцы каля сцэны месца было ўжо мала – артысты ігралі вядомыя беларускія песні і полечкі, а госці ахвотна танцавалі.

Выйшлі на сцэну і прадстаўнікі беларускай эстрады –  Уладзімір Ухцінскі, Ігар Аксюта і іншыя. А роўна ў 22.00 гадзіны над Дзівінам прагрымеў салют, паставіўшы яскравую кропку ў святкаванні абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, які на будучы год будзе мець ўжо іншую прапіску.

Рэпартаж вялі Дзмітрый БЯЛОЎ і Людміла ПАШКОВІЧ.