Праз пасадкі і лясныя сцежкі

Барыс Рабаконь.

Ад людзей, якія працуюць у лесе, вее нейкай асаблівай дабрынёй – яны заўсёды прыйдуць на дапамогу птушаняці з параненым крылом, не саб’юць ботам шляпку мухамора.

Ляснічы – чалавек, які адказвае за жыццё кожнага дрэва і жывёлы на сваіх угоддзях.

– Лес быў адразу за маёй роднай вёскай, таму кожнае лета мы хадзілі з сябрамі ў грыбы, выносілі іх на шашу і прадавалі, – расказвае пра свой дзіцячы “бізнес” ляснічы Дзівінскага лясніцтва Барыс Рабаконь. – Зараблялі добрыя грошы. Я з дзяцінства прывык да лесу, таму пасля школы пайшоў у Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум, затым завочна скончыў Мінскі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці “інжынер лясной гаспадаркі”.  

Маладога спецыяліста размеркавалі на малую радзіму – Міншчыну, але лёс склаўся так, што малады чалавек трапіў у Кобрынскі доследны лясгас у Павіццеўскае лясніцтва памочнікам ляснічага. Там працаваў амаль дзесяць гадоў, пасля чаго быў пераведзены ляснічым у Дзівінскае лясніцтва ляснічым.

– Калектыў, што ў Павіцці, што тут – добры, як і ва ўсім лясгасе. Маімі калегамі былі людзі, якія мелі вялікі вопыт, таму было ў каго вучыцца.

Першы вопыт работы ляснічага Барыс Рабаконь атрымаў у Павіцці, калі падмяняў свайго начальніка падчас водпускаў.

– У спіс маіх абавязкаў уваходзіць падлік пасадак, абыходы, арганізацыя санітарных і іншых рубак і многае іншае, – заўважае ляснічы.

Барыс Аляксандравіч даўно перастаў лічыць колькасць кіламетраў, якія штодня адольвае па ўгоддзях. Лясніцтва мае 14 тыс. га лесу, у пераважнасці сасновага.

– Мы маем заказнік “Вялікі лес”, дзе забаронена любая гаспадарчая дзейнасць, і вальер з аленямі, якія патрэбуюць асаблівага догляду, – заўважыў ляснічы.

Дарэчы, у чэрвені-ліпені жывёл плануюць адпусціць у лес, каб развесці папуляцыю на Кобрыншчыне.

Людзі, якія працуюць у лесе, часцей бачаць “цуды”. Напрыклад, у мінулым годзе ляснічаму пашчасціла адначасова бачыць тры ласі – такое вельмі рэдка бывае.

– Сам не паляўнічы – жывёл я люблю, – усміхаецца Барыс Аляксандравіч.

Што датычыцца браканьераў, то, як адзначае мой субяседнік, работа, якую вядзе інспекцыя па ахове расліннага і жывёльнага свету, дае свае плады.

– Раней яшчэ трапляліся выпадкі незаконнай рубкі лесу, зараз такога няма, як і браканьераў-паляўнічых, – падкрэсліў ён.

Штодзённая праца ў лясніцтве вядзецца не толькі ва ўгоддзях – калектыў  добраўпарадкоўвае тэрыторыю, аздабляе яе новымі раслінамі з лесагадавальніка і малымі архітэктурнымі формамі. Нядаўна пачалі працаваць над добраўпарадкаваннем вадаёма, які размешчаны на тэрыторыі лясніцтва – тут плануецца стварыць зону адпачынку з альтанкамі.

Сочыць лясніцтва і за парадкам на возеры Любань. Для гасцей тут зроблены месцы для адпачынку.

…Як дуб моцна пускае свае карані ў зямлю, так і Барыс Рабаконь пусціў карані на Кобрыншчыне: завёў сям’ю і знайшоў работу па душы.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.