Па полі мінным, па полі мірным…

–  Ці ж зараз так нашы дзеці і ўнукі жывуць, як мы калісьці, ці ж ведаюць яны, што значыць сапраўднае гора, беднасць і галеча?  Ды і не трэба, каб яны на сабе, як маё пакаленне, гэта адчулі. Хопіць і з нас. А вось   цаніць тое, што маюць, павінны ўмець, і праблем не павінны баяцца, – пачынае нашу размову Мікалай Гілеціч.

Мікалай Гілеціч.  Фота Алена БАКУН

Мікалай Антонавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пражыў доўгае і складанае жыццё, таму мае поўнае права даваць слушныя парады падрастаючаму пакаленню, каб зарыентаваць іх на тое, што ж такое сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці.

– Што я помню пра сваё дзяцінства? Бедным яно было. Бацькава сям’я ў гады Першай сусветнай вайны ў бежанцах была,  а калі вярнулася на радзіму ў родныя Сухоўчыцы, усю гаспадарку  трэба было з нуля пачынаць, – расказвае Мікалай Антонавіч. – Потым бацька ажаніўся, аддзяліўся, атрымаў свой кусок зямлі. Нас у сям’і чацвёра дзяцей было. Працавалі ў полі з ранку да вечара. Мяне да заможных сялян часта адпраўлялі  летам статак пасці за мяшок мукі. А навука мая якая? 4 класы польскай школы. Затое і зараз па-польску магу размаўляць.

Калі толькі сяляне ў Сухоўчыцах пачалі пакрысе на ногі ўставаць, новая бяда.

– Ноччу ўсё неба ў маланках было, грукат раздаваўся. Большасць вяскоўцаў думала, прыродная стыхія бушуе. А раніцай прыйшла вестка –  вайна, немцы напалі на Брэст.  Ужо падвечар  яны былі ў нашай вёсцы. Прайшліся, як чорная хмара, страшная навала, па мірнай беларускай зямлі, парушылі ўвесь спакой, –  у голасе субяседніка адчуваецца хваляванне.

У гады акупацыі сям’я Гілецічаў дапамагала партызанам. Мікалай Антонавіч згадвае, як маці ім бялізну прала, ежу гатавала, а ён потым  усё адносіў партызанам у лес.

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе 18-гадовага Мікалая адразу прызвалі ў рады Савецкай арміі. Месяц ён быў на вучобе пад Барысавам, а потым у складзе 2-й сапёрнай брыгады адправіўся на фронт.

Часта  пяхоце і артылерыі, якія ішлі ў атаку, шлях пракладваў менавіта Мікалай са сваімі таварышамі-сапёрамі. Іх брыгада ўвогуле заўсёды знаходзілася ў поўнай баявой гатоўнасці – па трывозе ў любую хвіліну ўсе маглі ўзяць зброю ў рукі  і ўступіць у бой.
У красавіку 1945 года сапёрная брыгада была накіравана пад Кёнігсберг.

– Горад выглядаў як адна суцэльная руіна. На той час яго ўжо савецкія войскі вызвалілі ад фашысцкай навалы. Але людзі баяліся хадзіць па роднай зямлі. Вясна, самы час зямлю абрабляць, а сяляне не ведалі, як выйсці ў поле,-немцы пры адступленні  ўсё замініравалі, – згадвае былы сапёр.

Перамогу Мікалай Гілеціч з таварышамі сустрэў у мястэчку Грос-Фрыдрыхсберг, былой сядзібе гаўляйтара Усходняй Прусіі Эрыха Коха, які збег з абложанага Кёнігсберга ў пачатку 1945 года.

Але мінная вайна для юнака на гэтым яшчэ не скончылася. Фашысты пакінулі пасля сябе замініраваныя масты, чыгуначныя аб’екты, заводы, палі. Так, мой герой удзельнічаў у аперацыях па размініраванні тэрыторыі пад Ленінградам, Усходняй Прусіі. Абясшкодзіў за час службы каля тысячы мін. Кожная з іх магла стаць апошняй:

– Адзін неасярожны рух – і ты больш ніколі не даведаешся пра сваю памылку і не выправіш яе, таму што цана гэтай памылкі – смерць. Поўная сканцэнтраванасць, кантроль за кожным рухам, прафесіянальнае майстэрства – складальнікі сапёра. Я быў кантужаны ад міны, на якой падарваўся мой сябар ужо пасля вайны…

Вярнуўся на радзіму мой герой у 1951 годзе. За праяўленую мужнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў узнагароджаны медалём “За Перамогу над Германіяй”. Ёсць у Мікалая Гілеціча шмат узнагарод, якія ён атрымаў за бездакорную службу ў Кобрынскім РАНС, якой аддаў 34 гады. Старэйшы сын Анатолій пайшоў па шляху бацькі, пачынаў з прафесіі пажарнага. Зараз ён генерал-маёр у адстаўцы, жыве пад Масквой, але пра родны дом, у якім застаўся, на жаль, толькі бацька (жонка Мікалая Гілеціча некалькі гадоў назад памерла), не забывае, як і малодшы Віктар, які  працуе ў Брэсце на заводзе па вытворчасці газавай арматуры – СП ААТ «ТэрмаБрэст».

Няма для майго героя большага шчасця, чым бачыць сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў за агульным сталом.

Алена БАКУН.