Як пасееш – так і пажнеш. Гэтую мудрасць добра ведаюць у ААТ “Гарадзец-агра”. У гаспадарцы поўным ходам вядзецца сяўба. Яе гарадзецкія аграрыі сустрэлі ў поўным тэхнічным узбраенні – на выпрабаванні гэтай вясной яны ўзялі цэлы шэраг адзінак сучаснай энерганасычанай тэхнікі.
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: Мікалай Вярэніч і Мікалай Здзітавецкі абмяркоўваюць ход сяўбы
Адзін з такіх агрэгатаў – сеялку “Terrasem C6 Fertilizer” кампаніі “Pöttinger” мы сустрэлі на полі каля вёскі Грушава. Яна дазваляе ўносіць угнаенні адначасова з сяўбой, што стварае аптымальныя ўмовы росту насення на ранняй стадыі развіцця. Добрая перадпасяўная падрыхтоўка глебы, высокая дакладнасць высеву і прадукцыйнасць работы – толькі некаторыя перавагі гэтай разумнай тэхнікі. На момант нашага візіту на трактары “Беларус-3022” на пасяўным агрэгаце сеяў зернебабовыя механізатар Мікалай Здзітавецкі.
- Пасеяна 120 га аўса, 330 - ячменю, 240 – пшаніцы, 456 га аднагадовых і 152 – шматгадовых траў, 98 га зернебабовых, - расказвае першы намеснік дырэктара ААТ “Гарадзец-агра” Мікалай Вярэніч. – Тэхніка добрая, людзі разумеюць адказнасць моманту.
Акрамя пасяўнога агрэгата “Pöttinger” на мехдвары зараз збіраюцца дзве кукурузныя сеялкі “Gaspardo”, ужо гатовы да работы чызельны агрэгат для безадвальнай апрацоўкі глебы “Pöttinger Synco 6030”. Як адзначыў дырэктар ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук, тэхніку для выпрабаванняў у палявых умовах дало ТАА “Аграпрамсіла”. Нядаўна гарадзецкія аграрыі ўзялі ў лізінг так званую “страказу” – самаходны апырсквальнік “Mazzotti MAF 4240”, які дазваляе ахапіць паласу да 36 метраў, і пагрузчык “Маніту”. Цяпер галоўнае, каб не падводзіла надвор’е.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: