Нягледзячы на тое, што асноўныя сельскагаспадарчыя работы даўно завяршыліся, аграрыям няма часу адпачываць – трэба рыхтаваць сельскагаспадарчую тэхніку да зімовага захоўвання. Як вядзецца гэтая адказная работа, мы ўбачылі на мехдвары ААТ “Стрыгава”.
Машынна-трактарны парк гаспадаркі налічвае 40 трактароў, у тым ліку 3 кормаўборачных, 5 энерганасычаных, 7 збожжаўборачных камбайнаў, 8 пагрузчыкаў і 20 аўтамабіляў, - расказвае галоўны інжынер гаспадаркі Яўгеній Дацук. – Належным чынам падрыхтаваць тэхніку да зімы – значыць, сустрэць вясённюю сяўбу ў поўнай баявой гатоўнасці.
Для таго, каб тэхніка перажыла доўгачасовую зімовую стаянку без страт, трэба добра пастарацца. Для захавання ад сонечных праменняў праводзіцца пабелка шын, кансервацыя трубапровадаў высокага ціску, абавязкова – змазка ўсіх разьбавых злучэнняў, найбольш адчувальныя элементы закрываюцца плёнкай. Для кожнага віду тэхнікі – свае ўмовы: найбольш увагі патрабуюць збожжаўборачныя камбайны, якім патрэбны частковая разборка і зняцце некаторых вузлоў. Каб належным чынам паставіць на “зімовую кватэру” адзін камбайн, яго экіпажу даводзіцца працаваць каля трох дзён. На момант нашага візіту ўсе работы былі завершаны, тэхніка “адпачывала” да вясенняй пасяўной кампаніі.
Мадэрнізацыя машынна-трактарнага парка ў ААТ “Стрыгава” праводзіцца на пастаяннай аснове. Так, у апошні год былі закуплены новыя пасяўны агрэгат, кормараздатчык, у бліжэйшы час плануецца атрымаць штангавы апырсквальнік “Раса”, 2 трактары “МТЗ-1221”, 9-корпусныя плугі для трактара МТЗ-3522 і аўтамабіль “МАЗ”. Зіма праляціць хутка, і сучасная тэхніка стане добрай падтрымкай пры закладванні асноў новага ўраджаю.
Дзмітрый БЯЛОЎ,
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ:
0068, 0080 - (злева направа): Яўгеній Дацук абмяркоўвае ўмовы зімовага захавання тэхнікі з загадчыкам майстэрняў Георгіем Шубскім і механізатарам Мікалаем Дзенісюком;
0035 - (злева направа): Яўгеній Дацук абмяркоўвае ўмовы зімовага захавання тэхнікі з механізатарам Мікалаем Дзенісюком і загадчыкам майстэрняў Георгіем Шубскім
Поделиться в соцсетях: