Кобринщина приветствует выпускников.


…Цудоўныя чэрвеньскія вечары, шолах лістоты, неперадавальны водар жывых кветак. Лёгкі цёплы ветрык прабягае па святочных сукенках, гарэзліва варушыць дзявочыя прычоскі, перабірае яркія ленты. Мы праводзім у вялікае жыццё нашых дзяцей, якія ў гэты дзень назаўсёды развітваюцца са школай, з дзяцінствам. Кобрыншчына вітае выпускнікоў.
Моладзь самай высокай пробы
У Палацы культуры эстафету святочных мерапрыемстваў адкрыў баль медалістаў школ Кобрынскага раёна, героямі якога сталі тыя, каму за выдатную вучобу ўручаюцца атэстаты асобага ўзору. Усяго ў гэтым годзе на Кобрыншчыне 22 медалісты. Разам з настаўнікамі і бацькамі павіншаваць самых таленавітых вучняў прыйшлі старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля і старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.
– Хочацца ў першую чаргу сказаць усім гэтым хлопцам і дзяўчатам вялікі і шчыры “дзякуй”, – адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Для таго, каб аддаваць вучобе ўсе сілы, сёння трэба мець моцную сілу волі. І нашы сённяшнія героі з гэтай задачай справіліся на “выдатна”. А мы будзем прыкладваць усе намаганні, каб і далей уважліва сачыць за іх лёсам – і хто ведае, магчыма менавіта зараз на гэтай сцэне стаяць будучыя дэпутаты раённага Савета, старшыні райвыканкама і проста сумленныя грамадзяне, якія будуць здольныя дабівацца новых вышынь і нават праз шматлікія церні ўсё ж такі дабрацца да сваіх зорак.
Як справядліва падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч, такая высокая ўзнагарода, як залаты ці сярэбраны медаль – вынік працы і вучня, і педагогаў, і, безумоўна, бацькоў. У гэты дзень разам з Пісьмамі падзякі яны прымалі заслужаныя віншаванні – за тое, што не былі абыякавымі да школьнага жыцця сваіх дзяцей і разам з імі прайшлі ўвесь школьны шлях да самага пераможнага фінішу. А што думаюць самі  ўладальнікі залатых і сярэбраных медалёў, якія пачынаюць сваё жыццё з такога добрага старту?
– Ад усіх выпускнікоў хочацца выказаць самую шчырую ўдзячнасць адміністрацыі нашага горада, нашых школ і, зразумела, нашым настаўнікам і нашым бацькам, – адзначыла залатая медалістка, выпускніца СШ № 7 Надзея Вашчонак. – Мы будзем старацца апраўдаць усе вашы надзеі – і з радасцю вяртацца ў наш родны Кобрын. І мы ўпэўнены: вы   зможаце намі ганарыцца.
Ужо зусім хутка выпускнікоў чакае новы этап у жыцці, які стане сапраўднай праверкай на трываласць для тых ведаў і наыкаў, якія яны вынеслі са школьных сцен. Зусім хутка для іх адчыняць свае дзверы вышэйшыя навучальныя ўстановы як у нашай краіне, так і за яе межамі. Аднак усё гэта будзе крышачку пазней. А зараз… А зараз пануе баль. І зноў, як многія гады запар, кружацца ў вытанчаным вальсе маладыя і прыгожыя пары – будучыня нашай краіны, сапраўдная, без двукосся, залатая моладзь самай высокай пробы.
…І першы ранак новага жыцця
А літаральна праз некалькі гадзін урачысты і крышачку сумны выпускны настрой апанаваў ужо ўвесь горад. І Палац культуры прымаў новых гасцей – на гэты раз у яго сценах развітваліся са школай выпускнікі СШ № 9.
– Хочацца павіншаваць усіх прысутных з гэтай цудоўнай падзеяй – заканчэннем навучання ў школе і пачаткам дарослага жыцця нашых дзяцей, – адзначыла, адкрываючы выпускны вечар, дырэктар школы Галіна Дземідовіч. – Такое свята бывае толькі адзін раз у жыцці – за плячамі 11 школьных гадоў, наперадзе – выбар будучага шляху жыцця. Ад яго залежыць вельмі многае – і я веру, што нашы дзеці выберуць для сябе шлях служэння сваёй Радзіме і свайму народу.
Як справядліва падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля, мы не заўсёды адразу можам усвядоміць усю справядлівасць і неабходнасць тых ісцін, якія нам дорыць школа разам з нашымі бацькамі. І выпускны вечар – вельмі важны этап у жыцці, пра які трэба памятаць, як і пра сваю малую радзіму, дзе жывуць цудоўныя людзі, і пра тое, як гэта цудоўна – проста быць кабрынчанінам.
– Вучоба ў школе не была простай, але мне дапамагалі мае бацькі, мае настаўнікі, – расказвае выпускніца 11 “А” класа СШ № 9 Вольга Янчук. – У нашай школе заўсёды ёсць каму дапамагчы ў цяжкай сітуацыі. А жыццё я хачу звязаць з медыцынай – і думаю, што ўсё ў мяне атрымаецца.
– А мне падабаецца замежная мова, – уключаецца ў дыялог аднакласніца Настасся Назарук. – Да таго ж я люблю падарожнічаць і вырашыла паступаць па гэтым накірунку. А ўвогуле са школай звязана столькі прыемнага і добрага, што зараз нават трошкі ў роспачы – калі ўяўляю, як цяпер буду жыць без майго класа і аднакласнікаў.
Гэта дзіўна, але менавіта ў такія дні мы раптам разумеем, што нашы дзеці ўжо, аказваецца, зусім не дзеці – што яны неяк непрыкметна для нас выраслі, сталі прыгожымі і такімі нязвыкла дарослымі. Адшуміць выпускны баль, змахне слязінку настаўнік… Такая ўжо яго доля – аддаваць усю душу, а потым развітвацца зноў і зноў. А нашы дзеці выйдуць спаткаць свой першы дарослы ранак – насустрач сонцу і самастойнаму жыццю.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Бывай, школа!
На ўрачыстае мерапрыемства з нагоды атрымання дакумента аб заканчэнні сярэдняй школы № 3 сабралася поўная зала.
Мерапрыемства прайшло ў  выглядзе музычнага хіт-парада “Бывай, школа, або Экзамены толькі пачынаюцца…” Героі свята з’явіліся перад гледачамі пад гучныя апладысменты. Сёлета ва ўстанове 62 выпускнікі, з якіх 19 – вучні вячэрніх класаў завочнай формы навучання. Атэстаты сталасці ўручыў дырэктар школы Аляксандр Лесік. Ён пажадаў выпускнікам быць па-добраму амбіцыёзнымі, настойлівымі ў дасягненні мэт, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю. “Ад кожнага з вас залежыць будучыня нашай краіны”, – адзначыў ён. Шчырыя пажаданні выказалі выпускнікам педагогі школы. Дзеці, у сваю чаргу, падзякавалі настаўнікам за цярпенне і добрыя веды і падвялі вынік цеснага адзінаццацігадовага супрацоўніцтва шчырымі апладысментамі, падарункамі і кветкамі.
“Кожны – мастак свайго жыцця, малюйце яго светлымі фарбамі”, – такой думкай былі прасякнуты выказванні бацькоў. Ім Аляксандр Лесік уручыў Пісьмы падзякі.
У межах мерапрыемства выпускнікам былі ўручаны граматы за дасягненні ў вучобе і актыўнасць у грамадскім жыцці. Традыцыйныя моманты выпускнога балю суправаджаліся цікавымі канцэртнымі нумарамі, падрыхтаванымі дзецьмі.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *