Калі жаданні здзяйсняюцца

Ірына Гарбачова заўсёды першай прыходзіць на новы малочнатаварны комплекс ААТ “Гарадзец-агра”. Яна – начальнік комплекса, таму па доўгу службы абавязана кантраляваць кожную стадыю вытворчага працэсу. Яна нядаўняя выпускніца Пінскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа. Сёлета заканчваецца тэрмін яе двухгадовай абавязковай адпрацоўкі. Час для маладога спецыяліста праляцеў, як адно імгненне.
– Калі ёсць любімая справа, то нават і не звяртаеш увагі на гадзіннік, – гаворыць Ірына. – Упэўнена ў тым, што і ў вёсцы рэальна зарабляць нядрэнныя грошы, мець выдатную перспектыву, былі б толькі моцнае жаданне і стараннасць. Тым больш, што для рэалізацыі ўсіх здольнасцей створаны ўсе неабходныя ўмовы.
Дырэктар ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук двойчы прадастаўляў месца ў новых доміках Ірыне Гарбачовай – калі яна працавала на малочнатаварнай ферме ў в. Ліпава і цяпер, калі перавялі ў Гарадзец. У такім жыллі прадугледжаны ўсе неабходныя камунікацыі для камфортнага пражывання.
Што тычыцца малочнатаварнага комплексу ў в. Гарадзец, то гэта зусім новы, сучасны аб’ект, разлічаны на 1000 галоў буйной рагатай жывёлы. Нагадаем, што ўведзены ў эксплуатацыю ён быў 1 кастрычніка 2009 года. Іван Цецярук зрабіў акцэнт на маладыя, энергічныя кадры.
Прыемна радуе і інтэр’ер. Эстэтычныя і зручныя раздзявальні, душавыя, пакой для адпачынку і прыёму ежы, новае халадзільнае і вытворчае абсталяванне нямецкай фірмы “Вестфаль і Серж”… Жывёла заўсёды дагледжаная і ўтрымліваецца ў чысціні.
Працэс вытворчасці малака на комплексе максімальна аўтаматызаваны. Наладжаны камп’ютарны маніторынг дойкі кароў.
Загадчык ветлабараторыі Нэлі Сінкавец паведаміла, што нядаўна на комплексе асвоены выпуск малака класа “экстра”, якое адпавядае ўсім гігіенічным крытэрыям і еўрастандартам.
Ірына Гарбачова – член ГА “БРСМ”, любіць актыўны адпачынак. Асабліва доўгія прагулкі пешшу на ўлонні прыроды. Гоман птушак, цішыня, свежае паветра… У горадзе знайсці такое надзвычай складана. Яднанне з прыродай – добрае лякарства ад напружання і стрэсу.
Начальніку комплексу дваццаць тры гады. Пакуль яна не мае сваёй сям’і. Кажа, што на асабістае жыццё практычна не хапае часу. Малады кіраўнік цвёрда вырашыла: спачатку – кар’ера. Сёлета яна будзе паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па сельскагаспадарчаму накірунку. А па заканчэнні ВНУ цвёрда вырашыла застацца жыць і працаваць ў вёсцы.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *