Гістарычная спадчына Кобрыншчыны і сучаснасць
Помнікі археалогіі, брацкія магілы, мемарыяльныя дошкі… Кожны дзень яны нагадваюць нам пра наша мінулае – пра нашу спадчыну. І ўсплываюць у памяці падзеі, людзі, даты. Ажывае гісторыя…
На сённяшні дзень у дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей па Кобрынскім раёне ўключана 70. Сярод іх – 8 помнікаў археалогіі, 8 гістарычных валуноў, 27 помнікаў архітэктуры і гісторыі – у тым ліку гістарычны цэнтр нашага горада. Таксама ў спісе помнік у гонар перамогі ў 1812 годзе, парк імя А. В. Суворава, 11 брацкіх магіл савецкіх салдат, бюст А.В. Суворава…
Усё гэта – наша Кобрыншчына. Волею лёсу праз яе прайшлі бадай што ўсе мажлівыя войны – памяць пра іх ахвяр і герояў жыве ў халодным граніце. У ім – перамогі салдат у вайне 1812 года, барацьба за свабоду ў паўстанні 1933-га, бязмерная мужнасць герояў Вялікай Айчыннай вайны, самаадданая праца на карысць Радзімы нашых знакамітых землякоў – ад князя Уладзіміра Васількавіча і яго жонкі княгіні Вольгі Раманаўны, помнік якім устаноўлены на цэнтральнай плошчы горада, да герояў новых часоў.
Тут захоўваецца гісторыя
Звесткі пра ўсё гэта можна знайсці ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А.В. Суворава. Штогод яго наведваюць больш за 25 тысяч чалавек – навуковыя супрацоўнікі абслугоўваюць больш за 700 экскурсійных груп. Адначасова з традыцыйнымі выставамі і экскурсіямі развіваюцца новыя формы работы – каб гістарычна-культурная спадчына была даступнай і цікавай усім.
Менавіта тут, у музеі, можна пазнаёміцца і з творчасцю сучасных мастакоў. Працуе выстава-продаж работ кобрынскіх мастакоў, а ў выставачнай зале арганізуюцца часовыя выставы. У прыватнасці, летась акцэнт быў зроблены на мерапрыемствы, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтай падзеі была прысвечана і выстава карцін “Ад Сожа да Буга”, арганізаваная сумесна з Гомельскім музеем ваеннай славы.
Рэкордную колькасць наведвальнікаў прыняў музей у дні правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2009”.
Старому парку – новае жыццё
Вялікай папулярнасцю карыстаецца і парк імя А. В. Суворава – помнік прыроды і гістарычна-культурная каштоўнасць, любімае месца адпачынку кабрынчан і гасцей горада. Ён змяніўся. На месцы старога драўлянага Летняга тэатра з’явіўся амфітэатр на 2 тысячы месцаў. Недалёка – пляцоўка каля фантана, якая даўно стала месцам адпачынку для маладых мам. Зараз тут можна пасядзець на прыгожых лавачках, палюбавацца скульптурнай кампазіцыяй “Купалле” – яе, дарэчы, выканаў з бронзы наш зямляк Аляксандр Лышчык, чые работы вядомыя як у Беларусі, так і за мяжой. Кампазіцыя сімвалічная – менавіта Купалле з’яўляецца адным з самых любімых святаў кабрынчан і праводзіцца ў парку каля возера. У вясенне-летні перыяд вока гасцей радуе фантан з каляровым падсведчваннем.
Не засталося без увагі і само возера. Яно ачышчана – бераг набыў выразныя формы. Мадэрнізаваны і штучны насып – так званая “горка”, на якой устаноўлена белая ратонда. Яе ўжо аблюбавалі маладыя пары – і з прыходам вясны тут, на ўлонні прыроды, плануецца праводзіць рэгістрацыю шлюбаў. На возеры быў зроблены новы пірс з плавучых пантонаў. Завершана рэканструкцыя галоўнай танцпляцоўкі.
Вялікі аб’ём работ быў праведзены і па добраўпарадкаванні парку. У прыватнасці, прыбраны старыя дрэвы, і пасаджана 70 елак. Высаджана 617 дэкаратыўных кустоў на суму больш за 27 мільёнаў рублёў, сфарміравана мноства кветкавых кампазіцый, сіламі ААТ “Будтрэст №33” пакладзена 2787,4 квадратнага метра тратуарнай пліткі і многае іншае.
Сапраўдным падарункам сталі новыя атракцыёны, кошт якіх за 2008-2009 гады склаў 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў. Зараз атракцыёнаў 18 – яны карыстаюцца папулярнасцю і сярод дзяцей, і сярод дарослых. СТАА “ПП Палессе” падаравала 20 электрамабіляў агульным коштам 10,4 мільёна рублёў, а таксама канструктары, цацкі і каталкі для работы дзіцячага забаўляльнага цэнтра “Кеша”.
Зберагчы і захаваць
Утрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў – наш святы абавязак. Рашэннем райвыканкама ўсе аб’екты замацаваныя за суб’ектамі гаспадарання, установамі адукацыі і культуры. Створаны электронны варыянт 79-ці воінскіх пахаванняў Кобрынскага раёна з фотаздымкамі, схемамі месцазнаходжання і апісаннем. Штогод праводзяцца пошукавыя работы з раскопкамі на мясцовасці раней невядомых пахаванняў, якія выконвае пошукавы батальён пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь. Вядзецца работа па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь помніка А.В. Сувораву і брацкай магілы савецкіх воінаў у скверы Пуганава.
Актыўна рыхтуючыся да 65-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у раёне ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў. Першаступенная ўвага пры гэтым надаецца ветэранам вайны – тым, хто змагаўся з ворагам, адстойваў свабоду і незалежнасць краіны.
Помнікі, абеліскі, старажытныя будынкі, мемарыяльныя дошкі, брацкія магілы… Сёння яны жывуць адным жыццём з прыгожымі новабудоўлямі, светлымі, чыстымі вуліцамі, сучаснымі маштабнымі аб’ектамі, выдатна дапаўняючы адзін аднаго. І, як непаўторнае адзінства гісторыі і сучаснасці, паўстае перад намі наша родная Кобрыншчына…
Валянціна КЕНДА,
галоўны спецыяліст па ахове гістарычна-культурнай спадчыны аддзела культуры райвыканкама.
Хоть у вам все хорошо с охраной памятников истории.
Рейтинг комментария:
0
0