Прогноз погоды
Пн, 15 декабря 2025

Фельдшар-акушэр Балоцкага ФАПа Вольга Лебедзь: «Дапамагаць хворым на шляху да выздараўлення... Што можа быць высакародней!»

15/12/2025 Кобрин Здравоохранение Сельсоветы БАКУН Киселевецкий сельсовет

Выбар прафесіі – вельмі важны і адказны момант у жыцці кожнага чалавека. Прынятае рашэнне ўплывае на будучыню. Яно вызначае не толькі кар’ерны рост, але і вобраз жыцця, інтарэсы, круг сяброў. Камусьці яно даецца вельмі лёгка, для іншых – выпрабаванне.

15 снежня, "Кобрынскі веснік"/ Як заўважае фельдшар-акушэр Балоцкага ФАПа Вольга Лебедзь, яна з дзіцячых гадоў марыла дапамагаць людзям, лячыць іх ад хвароб. Пасля заканчэння школы кабрынчанка пайшла вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны медыцынскі каледж. Пасля атрымання дыплома маладога спецыяліста накіравалі ў вёску Балоты.

– Не думала, што затрымаюся тут надоўга. Звычайна, як разважае моладзь: «Адпрацую, колькі трэба, а там уладкуюся ў горадзе». У мяне таксама былі такія думкі. Але за 5 гадоў настолькі прывыкла да свайго месца і людзей, што пакуль што нічога не збіраюся мяняць».

7 гадоў Вольга Аляксандраўна разам з балатчанамі. Кожную раніцу па дарозе да месца работы яна пракручвае ў галаве, што павінна сёння зрабіць. Вяртаючыся назад, аналізуе, як прайшоў дзень. Радуецца, калі ён быў плённым, калі ўдалося дапамагчы ўсім, хто звярнуўся да яе задапамогай.

На участку, які абслугоўвае Вольга Аляксандраўна, пражывае 340 чалавек, многа людзей пенсійнага ўзросту. Для кожнага з іх яна – першая хуткая дапамога. Жыхары прыходзяць з рознымі праблемамі. Адных з самага ранку прывяло на ФАП дрэннае адчуванне. Як высвятляецца, прычына ў высокім ціску. Другія скардзяцца на сімптомы віруснай інфекцыі, тэмпературу. Іншыя тэлефануюць, каб атрымаць кансультацыю…

Гэта звычайна маладыя мамы, якія хвалююцца нават без прычыны за сваіх немаўлят. Людзі паважаюць і слухаюць свайго «доктара», як часта называюць яны дзяўчыну. Своечасова праходзяць дыспансерызацыю, многія прывіліся супраць грыпу.

На бытавыя ўмовы ва ўстанове фельдшар не скардзіцца. Некалькі гадоў назад тут быў зроблены рамонт, праведзена электрычнае атапленне. Пра лекі, якія неабходны людзям, клапоціцца своечасова, прывозіць іх з горада. У складаных сітуацыях, якія часам узнікаюць па рабоце, звяртаецца да больш вопытных калег у Кобрынскую раённую цэнтральную бальніцу, дзе заўсёды дадуць годную параду.

Медыцынскі работнік – гэта прызванне. У гэтым Вольга Аляксандраўна ўпэўнілася яшчэ тады, калі толькі пачынала працоўную дзейнасць, і з кожным днём усё больш і больш улюбляецца ў сваю прафесію.

– Дапамагаць хворым на шляху да выздараўлення, падтрымліваць іх маральна і фізічна… Што можа быць высакародней! – заўважае Вольга Аляксандраўна.

Так, медработнік – гэта не толькі пра веды, але і пра цяпло душы і спагаду, якімі надзелена наша гераіня.

Тэкст і фота Алены БАКУН

Поделиться в соцсетях:


Популярные материалы за месяц

Последние новости