Мадэрнізацыя вытворчасці на ААТ “Кобрынскі масласырзавод” набірае абароты. Зусім нядаўна былі завершаны ўсе работы па рэканструкцыі цэха цэльнамалочнай прадукцыі. Тут устаноўлена сучаснае нямецкак і польскае абсталяванне для вытворчасці тварагу і мяккіх сыроў. Ужо ў маі кабрынчане мелі магчымасць упершыню ацаніць прадукцыю з назвай “Удачный выбор”.
- Тварог у папяровай абгортцы - гэта ўжо ўчарашні дзень, - гаворыць начальнік аддзела маркетынгу масласырзавода Галіна Гацук. - На змену яму прыйшоў прадукт больш высокай якасці. Аўтамат фасоўкі “Мультывак” дазваляе не толькі наладзіць так званы закрыты тэхналагічны працэс вытворчасці, але і асаблівым чынам упакаваць тварог, што падаўжае тэрміны яго захоўвання да шаснаццаці дзён, як і ўсіх смакавых уласцівасцей. Такі крок дазваляе рэалізоўваць тавары як у гандлёвай сетцы Кобрынчшыны, так і за яе межамі.
Таксама спецыялісты Кобрынскага масласырзавода яшчэ ў красавіку выдатна падрыхтаваліся і да спякотнага сезона. Пад традыцыйнай маркай “Брынка” наладжаны выпуск чатырох новых відаў марожанага ў вафельным стаканчыку з напаўняльнікамі “Парэчка”, “Чарніцы”, “Маліна” і “Вішня”, а таксама марожанага на палачцы “Малочны шакалад” і “Зефірнае марожанае”. Як сцвярджае Галіна Гацук, супрацоўнікамі прадпрыемства быў праведзены маніторынг ацэнкі пакупнікамі новай прадукцыі. Яе высока ацанілі практычна ўсе рэспандэнты. Адзначаліся перш за ўсё выдатныя смакавыя ўласцівасці тавару. Аб гэтым красамоўна сведчаць і чэргі за кобрынскім марожаным у спякотны час у фірменным магазіне “Верас”. Салодкі прахаладжальны прадукт аднолькава падабаецца як дзецям, так і дарослым.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: