Так часта, паглыбляючыся ва ўласныя праблемы і турботы, мы праходзім побач з прыроднай прыгажосцю. Чаго вартыя адны толькі птушкі, чые спевы, грацыя і пяшчота выклікаюць столькі прыемных эмоцый! Ёсць людзі, якія раз і назаўсёды закаханыя ў гэтых істот і кожны раз атрымліваюць асалоду ад хвалюючага спаткання з імі. Не першы год у Кобрынскім раённым эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і юнацтва дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Даследчык” пад кіраўніцтвам Аляксандра Страчука. Наведвальнікі, а гэта ў асноўным школьнікі 7-11 класаў, сур’ёзна займаюцца арніталогіяй. Большасць рабят з’яўляецца членамі вядомай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, галоўная мэта якой – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем птушак. Але, як зазначыў Аляксандр Сяргеевіч, “АПБ” цяпер займаецца ў тым ліку і вывучэннем і абаронай фаўны і флоры.
Багатая прырода Кобрынскага Палесся стварае амаль што ідэальныя ўмовы для існавання папуляцыі многіх відаў пярнатых. Чаго варты, напрыклад, заказнік “Дзівін - вялікі лес”. У мінулым годзе яму афіцыйна прысвоены асобы статус тэрыторыі, важнай для птушак. Там, дарэчы, знаходзіцца і пэўная частка балота “Званец”, занесенага ў рэестр сусветнай спадчыны “ЮНЭСКА”, дзе гняздзяцца прыкладна 25 працэнтаў усіх птушак Беларусі. Юныя кобрынскія энтузіясты добраахвотна рэгулярна выязджаюць на гэтыя маляўнічыя тэрыторыі, удзельнічаюць у розных праектах па маніторынгу і абароне жывёльнага свету.- Напрыклад, сёлета нашымі рукамі былі створаны ненатуральныя гнёзды для шэрагу відаў соў, якія ніколіне ўладкоўваюць свайго жылля самастойна, а займаюць былыя месцы драпежнікаў, -распавядае Аляксандр Страчук.
Глабальнае пацяпленне клімату наклала свой адбітак на арэал пражывання птушак. Так, напрыклад, у Беларусі амаль што перасталі гняздзіцца белыя курапаткі, якім патрабуецца больш халоднае асяроддзе. Але і ў гэтым пераўтварэнні ёсць свае нечаканасці. Так, у Мінскай вобласці двойчы былі зафіксаваны візіты экзатычных гасцей – ружовых пеліканаў! Апошняя іх рэгістрацыя па цікавым супадзенні была адзначана ў вёсцы з назвай Пеліканы! Адзначыліся на тэрыторыі нашай краіны сцяпныя луні і арлы. У Брэсцкай вобласці арнітолагі ўбачылі нават чорнага грыфаі павукоў-тарантулаў, якія ўжо могуць адаптавацца да беларускага надвор’я.
Поделиться в соцсетях: