Чаканне грамадскага транспарту ў летнюю спякоту цяжка назваць прыемнай справай. Тым больш цікавым быў сюрпрыз, які аднойчы сустрэў пасажыраў на аўтобусным прыпынку “Сельмаг”, што ў раёне былога ваеннага гарадка і вёскі Вялікія Лепесы. Маркотная атмасфера тыпавога павільёна тут нібыта па чараўніцтву ператварылася ў маляўнічы пейзаж, які зараз дорыць кожнаму хвілінку пазітыўных эмоцый і добрага настрою. Бяжыць кудысьці сіняй стужкай рэчка, зелянее лес, сядзіць на беразе рыбалоў з вудай, ляціць у вышыні прыгожы бусел…
Як адзначыў начальнік ДРБУ-201 Аляксандр Марыневіч, гэты аўтобусны прыпынак – далёка не адзіны прыклад такога вось творчага падыходу. Усяго па Кобрынскім раёне аздоблена каля 20-ці павільёнаў. Выконвалі работы па падраду навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа пад кіраўніцтвам сваіх майстроў. Акрамя павільёнаў, у рамках вытворчай практыкі моладзь займалася аднаўленнем бардзюраў, вертыкальнай разметкі і многіх іншых элементаў, якія таксама ўносяць свой уклад у шматграннае паняцце ўтульнасці, акуратнасці і камфорту нашай Кобрыншчыны. Дарэчы, і аб’явы на пафарбаваныя сцены павільёнаў сталі клеіць значна менш – відаць, не падымаецца рука псаваць прыгажосць.Так што застаецца толькі падзякаваць калектыву ДРБУ-201 і навучэнцам мастацкага каледжа за выдатную ідэю, за творчы падыход да звычайных рэчаў і за сапраўдны глыток свежага паветра, якога так часта не хапае ў нашым мітуслівым жыцці.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: