Малады, перспектыўны, прафесіянальны
За 8 гадоў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Акцябрскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ігар Бірус зарэкамендаваў сябе як сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Яго прафесіянальныя поспехі пацверджаны шматлікімі ўзнагародамі рознага ўзроўню. Толькі сёлета за высокі прафесіяналізм і творчую ініцыятыву ён быў адзначаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама. Выдатным вынікам маладога педагога калегі не здзіўляюцца. Наадварот, яшчэ раз упэўніваюцца, што па працы і ўзнагароды.У Акцябрскую школу Ігар Бірус прыйшоў пасля заканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе засвоіў спецыяльнасць “Тэхналогія фізічнай культуры”. У працу адразу акунуўся з галавой, з уласцівым для моладзі энтузіязмам і натхненнем.На працягу першых трох гадоў пад чулым кіраўніцтвам маладога настаўніка ў школе сфарміраваліся добрыя каманды па розных відах спорту, і пра валейбалістаў, футбалістаў, баскетбалістаў з Акцябра загаварылі на ўзроўні раёна, а заадно і пра іх перспектыўнага настаўніка. На Ігара Аляксеевіча “пасыпаліся” прапановы ад работадаўцаў, якія зацікавіліся ім як высокапрафесіянальным спецыялістам.Нягледзячы на выгадныя ўмовы, якія прапаноўваліся, Ігар Аляксеевіч застаўся працаваць у Акцябрскай школе, і гэта пры тым, што яму, кабрынчаніну, даводзіцца штодзённа туды дабірацца.- Мае калегі сталі для мяне блізкімі людзьмі, мы адна сям’я, - патлумачыў, заўважыўшы маё здзіўленне, настаўнік.
Акрамя згуртаванага калектыву, педагог знайшоў тут і ідэйных таварышаў, якія, не зважаючы на час, разам з ім выхоўваюць будучых грамадзян. Сам прыхільнік здаровага ладу жыцця, сваіх выхаванцаў Ігар Бірус захапіў турызмам. Ужо пяць гадоў, як ён кіруе ў школе аб’яднаннем па інтарэсах “Юны турыст”, дзе дзеці не толькі асвойваюць тэхніку горна-пешаходнага турызму, авалодваюць складанымі прыёмамі спартыўнага арыентавання, але і здзяйсняюць турыстычныя паходы. Першае ўзыходжанне на горы дзеці са сваім настаўнікам і энтузіястамі з СШ № 2 пераадолелі ў 2012 годзе, калі вывучалі горны Крым; другім паходам былі Карпаты. Не паўплывала, але ўнесла свае карэктывы ў планы акцябрскіх турыстаў палітычная сітуацыя, якая склалася ва Украіне: сёлета падарожжа па ўсім хрыбце горных Карпатаў здзейснілі толькі дарослыя – Ігар Бірус і яго калегі Сяргей Дораш і Алена Галадзюк.
Варта заўважыць, што ў турыстычным накірунку ўстанова таксама ўтрымлівае высокую планку на раённым, абласным, рэспубліканскім і міжнародным ўзроўнях. Ужо адно тое, што выхаванцы Акцябрскай школы станавіліся прызёрамі турыстычнага злёту саюзных краін, дзе колькасць удзельнікаў перасягала адзнаку ў тысячу чалавек, гаворыць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей. Ганарыцца малады настаўнік сваімі юнымі “зоркамі” – Яўгеніем Чыжом, Кацярынай Макарэвіч, Уладзіславам Данілюком, Святланай Рэвацюк, Анастасіяй Шчарбак і іншымі.“У дзяцей Ігар Аляксеевіч карыстаецца вялікім аўтарытэтам”, - адзначыла дырэктар школы Святлана Юр’ева, якая прысутнічала пры нашай размове. Яе каментарый цалкам знайшоў сваё пацвярджэнне ў гутарцы з дзецьмі, якія наперабой выказваліся пра свайго любімага настаўніка, не шкадуючы пры гэтым цёплых слоў. Слухаць іх меркаванні было асабліва прыемна: калі ў нашых установах адукацыі працуюць такія энтузіясты, за дзяцей можна парадавацца.Людміла ДУБІНА.НА ЗДЫМКУ: Ігар Бірус і Святлана Юр’ева (у цэнтры) са сваімі выхаванцамі.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: