Ср, 11 сентября 2024
Прогноз погоды

Ураджай – клопат агульны

09/09/2009 Сельское хозяйство

    Лёс вырашчанага ўраджаю хвалюе не толькі вяскоўцаў, але і гараджан, якія працуюць на прадпрыемствах горада і раёна. Яны таксама імкнуцца дапамагчы хутчэй управіцца са жнівом. Аўтапрадпрыемствы горада выдзяляюць транспарт для перавозкі збожжа новага ўраджаю з сельгаспрадпрыемстваў на збожжапрыёмны ўчастак, вылучаюць сваіх спецыялістаў для работы на ўборачнай тэхніцы. Так, ужо другі год запар у СВК “Вербнае” працуюць работнікі ААТ “Кобрынаграмаш”. Сёлета на двух камбайнах убіраюць збажыну два экіпажы з гэтага прадпрыемства. У час нашага прыезду механізатары ўбіралі півавараны ячмень сорту “стратус”. На 54-гектарным полі разам з мясцовымі гаспадарамі тэхнікі старанна працавалі экіпажы КЗС-7 у складзе Аляксандра Гаўрылюка, Віктара Барысюка, Васіля Ануфрыюка і Аляксея Паўлючыка – работнікаў ААТ “Кобрынаграмаш”. Сёлета да іх далучыўся і майстар вытворчага навучання УА “Вучэбна-курсавы камбінат упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама” Аляксей Антончык. Яму даверылі камбайн “Бізон”.

    - Работнікі ААТ “Кобрынаграмаш” проста малайцы, - гаворыць старшыня СВК “Вербнае” Уладзімір Лозюк. – Яны добра асвоілі тэхніку, не лічацца з часам і заслугоўваюць шчырай падзякі.

    Словы ўдзячнасці ў адрас гарадскіх памочнікаў выказалі таксама галоўны аграном гаспадаркі Віталій Амельянчук і начальнік участка Марыя Басак, якія таксама знаходзіліся на ячменным полі.

    Дзякуючы агульным намаганням СВК “Вербнае” паспяхова набліжаецца да фінішу ўборкі. Адначасова тут рэалізуюць збожжа ў лік дзяржаўнага заказу, а таксама півавараным прадпрыемствам.

    Аляксей САЦУК

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу