У мінулы панядзелак аграрнікі СВК “Узыходзячая зара” завяршалі ўборку каласавых збожжавых культур. Як нам паведаміла старшыня гаспадаркі Таццяна Дземідзюк, агульны намалот склаў 5055 тон з плошчы 1313 га пры ўраджайнасці 38,5 цэнтнера з гектара. Безумоўна, адзначае Таццяна Паўлаўна, калі б не капрызы надвор’я, ураджай быў бы істотна лепшым. Двойчы пасевы аўсу і ячменю цярпелі ад наступстваў моцнага граду. Усе працаўнікі сельгаскааператыва, якія былі задзейнічаны на жніве, нягледзячы на складанасці надвор’я, справіліся з пастаўленымі задачамі.
Выдатных вынікаў дасягнуў экіпаж камбайна “Джон-Дзір-9640і WTS” у складзе Уладзіміра Сідарука і Андрэя Ігнацюка. Яны намалацілі тысячу тон збожжа. Вопытныя камбайнеры адзначаюць, што ўмовы сёлетняй уборачнай кампаніі вымусілі прыкласці максімум намаганняў, каб дасягнуць такога поспеху.
Віншаваць камбайнераў з поспехам непасрэдна ў поле прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Галіна Бурдыка і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Балабушка. “Тысячнікам” СВК “Узыходзячая зара” былі ўручаны Пісьмы падзякі райвыканкама, а таксама падарункі і прызы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК і прафкама гаспадаркі. Дарэчы, вечарам яшчэ адным экіпажам, які намалаціў тысячу тон збожжа, сталі камбайнеры “Узыходзячай зары” Іван Штык і Валерый Мікіцюк.
Паводле слоў Таццяны Дземідзюк, наступная напружаная фаза ўборачнай кампаніі пачнецца прыкладна ў другой палове верасня. Кукурузная плантацыя займае 1300 гектараў, радуе ўраджаем. На некаторых плошчах расліны дасягаюць трохметровай вышыні.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: чарговыя “тысячнікі” Кобрыншчыны - экіпаж камбайна “Джон-Дзір-9640і WTS” СВК “Узыходзячая зара” ў складзе Уладзіміра Сідарука і Андрэя Ігнацюка.
Поделиться в соцсетях: