Вс, 09 февраля 2025
Прогноз погоды

Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў гістарычнага конкурсу для моладзі адбылося 14 чэрвеня ў Мінску

06/07/2018 Молодёжь Творчество Конкурсы

14 чэрвеня ў Мінску ў мемарыяльным Музеі-майстэрні Заіра Азгура адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў гістарычнага конкурсу для моладзі “За кадрам: ад  гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці”. У ліку  18 шчасліўцаў, якія ў хуткім часе паедуць у Берлін, абладальнік першага месца - выпускнік 9 класа дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына, будучы навучэнец Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава Іван Свідуновіч.

Нават прыродная сціпласць не можа скрыць  інтэлект Івана, які становіцца відавочным, як толькі юнак пачынае разважаць пра адзін з  сваіх любімых прадметаў -  гісторыю, пра ролю  асобы ў жыцці  грамадства,  пра  мінулае, сучаснасць сваёй краіны, ён нават робіць спробы, абапіраючыся на факты, спрагназаваць яе будучыню.

-Так, - сцвярджае Іван, - гісторыя для мяне – гэта - як вялікая таямніца, якую можна бясконца адкрываць. І ўпершыню прыадчыніла мне дзверы ў свет, дзе зліваюцца ў адзінае цэлае прамежкі часу,  першая настаўніца гісторыі Алёна Фігурына, за што я ёй вельмі ўдзячны. Я нават помню дзіцячыя ўражанні і эмоцыі, якія атрымаў ад таго, як на адным з урокаў гісторыі ў пятым класе адкрыў для сябе, як жылі на беларускай зямлі мае далёкія продкі, калі даведаўся, чым яны займаліся, да чаго імкнуліся.

Паспрабаваць свае веды па гісторыі і ўменне супастаўляць факты, падзеі і людзей і прыняць удзел у міжнародным конкурсе, што праходзіць у рамках праекта “Конкурсы па гісторыі ў Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне” пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі, пра які вучню расказала настаўніца гісторыі Галіна Федаровіч, якая і стала потым куратарам работы, Іван згадзіўся адразу.

- Пра нешта падобнае я марыў даўно. І тут  такая магчымасць -  на нейкі час прымерыць на сябе ролю аналітыка, гісторыка, крытыка, даследчыка. А форму работы - прэзентацыю (замест яшчэ адной з прапанаваных – эсэ) таксама выбраў невыпадкова. Яна (як для мяне) дазваляе больш шырока і дэталёва раскрыць прапанаваную тэму.

Ды і аб’ект даследавання, які прывёў да перамогі ў конкурсе, у якім прыняло ўдзел 116 чалавек з адной толькі Беларусі, у нейкай ступені таксама заканамерны. Пры выбары тэмы позірк Івана сярод мноства старых фотаздымкаў, прынесеных настаўнікамі і вучнямі, спыніўся на шэрай фотакартцы, з якой на яго паглядалі вялікія вочы маленькай дзяўчынкі - як  аказалася потым – Алёны Фігурынай ( тады – Сулаўка).

 Як прызнаецца Іван, апісаць жыццё дзіцяці ў асобнай сям’і ў кантэксце падзей, якія адбываліся ў грамадстве і дзяржаве ў той прамежак часу, што адлюстраваны на пяці фотаздымках, выбраных дя аналізу, аказалася не так проста – часам у сілу недахопу пэўных ведаў думкі ішлі не ў тым напрамку. Тут на дапамогу і прыходзіла  вопытны настаўнік Галіна Вітольдаўна.        Гадзіны, якія былі аддадзены  цудоўнаму часу, калі ішла работа па стварэнні прэзентацыі, Іван згадвае, як нешта вельмі вялікае ў сваім маленькім жыцці:

- Колькі б школьнік не вывучаў той ці іншы прадмет і тэму на ўроку, нішто яму не заменіць  ведаў, якія ён атрымлівае ад працэсу, калі на яго самога ўскладваецца вялікая адказнасць – зазірнуць не проста ў мінулае і пераказаць  параграф падручніка, а стаць у нейкай ступені сведкам пэўных падзей, яго летапісцам.

 Наперадзе ў Івана цікавае падарожжа ў Германію, краіну, дзе ён ніколі не быў, але гісторыя якой яго заўсёды вабіла, а яшчэ вельмі адказная і пачэсная місія – расказаць равеснікам з іншых краін свету, якія збяруцца на сустрэчу ў адным з берлінскіх лагераў па абмене вопытам, пра сваю малую радзіму – Кобрыншчыну, яе гісторыю і сучаснасць. Сумненняў у тым, што  юнак, у якога вочы іскрацца пры слове Беларусь, зможа зацікавіць юных даследчыкаў багатымі традыцыямі і культурнай спадчынай сваіх землякоў, зусім не выклікае.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: юны даследчык  Іван Свідуновіч з заслужанай узнагарордай – дыпломам першай ступені.

 

 

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу