Магія кіно часам настолькі заварожвае, што міжволі хочацца прыняць удзел у захапляючых дзеяннях разам з галоўнымі героямі стужкі. У эру камп’ютарных тэхналогій аматары фільмаў рэальна наблізіліся да гэтай запаветнай мары. Напрыканцы снежня ўпершыню ў кінатэатры “Радуга” пінскім прыватным гандлёвым прадпрыемствам “Аўтамайдан” у малой глядзельнай зале быў усталяваны атракцыён “5D”, які ператварае звычайны кінасеанс у сапраўднае захапляючае шоу.
Абсталяванне ўяўляе сабой дзве магутныя платформы з асобымі эрганамічнымі крэсламі ад спартыўных аўтамабіляў, якія размешчаны непасрэдна перад вялікім экранам. Кіраванне атракцыёнам “5D” ажыццяўляецца пры дапамозе камп’ютара са спецыяльным праграмным забеспячэннем. У працэсе сеанса на гледачоў уздзейнічаюць адразу некалькі фактараў. Платформы пачынаюць вібрыраваць, нахіляцца ў розныя бакі ў залежнасці ад сюжэта фільма. Дадаткова ствараюцца спецэфекты ветру, маланкі, дажджу з рэальнымі кропелькамі вільгаці. А ў асобных выпадках у паветры з’яўляюцца нават мыльныя бурбалкі. Напрыклад, калі персанажы кіно бягуць ці едуць па непраходных джунглях ці лесе, то ногі гледачоў закранаюць тонкія пластыкавыя стрыжні. Гарманічна дапаўняе эфект прысутнасці высакаякасная аўдыясістэма “Dolby 7.1”.
Як нам паведаміў дырэктар кінатэатра “Радуга” Руслан Грышко, рэпертуар фільмаў на атракцыёне “5D” рэгулярна пашыраецца навінкамі сусветнай кінаіндустрыі. Цяпер увазе кобрынскіх гледачоў прапануецца чатырнаццаць кароткаметражных мастацкіх стужак для дзяцей і дарослых працягласцю ад 5 да 14 хвілін у самых розных жанрах. Гэта і гонкі на амерыканскіх горках, і яскравыя падарожжы не толькі ў розныя краіны свету, але і на іншыя планеты, у казачныя каралеўствы, эру дыназаўраў, будучыню, марскія глыбіні і нават у паралельныя вымярэнні. Галоўныя наведвальнікі атракцыёна – дзеці і падлеткі. Адміністрацыя кінатэатра “Радуга” сардэчна запрашае кабрынчан і гасцей горада апрабаваць гэты цуд тэхнікі і атрымаць новыя незабыўныя ўражанні.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: атракцыён “5D” у дзеянні.
Поделиться в соцсетях: