Вт, 15 октября 2024
Прогноз погоды

Учащихся Кобринского ЭБЦДиЮ с самого детства учат заботиться о птицах

09/02/2016 Молодёжь

Птушкі ля кармушкі
Яшчэ з самага ранняга дзяцінства ўспамінаецца, як дарослыя вучылі клапаціца аб птушках: рабіць ім кармушкі, сачыць, каб туды не намятала снегу, праз аконнае шкло назіраць, як снягір або сінічка скача па кармушцы і збірае зярняты. Добра, што і сённяшняе пакаленне дзяцей мае цікавасць да такіх назіранняў. Пра гэта мы і пагутарылі з кіраўніком навуковага аб’яднання навучэнцаў ”Даследчык” Кобрынскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва Алесем Страчуком і самімі дзецьмі, якія ў аб’яднанні займаюцца вывучэннем арніталогіі.
Як нам паведаміў Аляксандр Сяргеевіч, нядаўна дзеці ўдзельнічалі ў штогадовай акцыі «Птушкі ля кармушкі», якую праводзіла грамадскае аб’яднанне “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
- Гэта рабілася цэнтралізавана. Дзеці напаўнялі кармушкі, якія ёсць на тэрыторыі цэнтра, зярнятамі і назіралі за птушкамі, якія прылятаюць, – расказаў Алесь Страчук. – Некаторыя навучэнцы рабілі гэта дома, вывешваючы кармушкі за акенцамі. Асаблівасць гэтай акцыі ў тым, што прыняць удзел у ёй могуць усе жадаючыя, а пасля даслаць свае назіранні ў грамадскае аб’яднанне “АПБ”. Дарэчы, кожны год гэтая акцыя прыносіць шмат сюрпрызаў: прылятаюць птушкі, якіх раней у нашай мясцовасці не назіралася.
Паводле слоў кіраўніка аб’яднання, у апошні час атрымала распаўсюджванне новая форма падкормкі: бярэцца яловая шышка і ў яе замест ядраў кладзецца сумесь маргарыну, мукі, манкі і семак. У выніку шышкі-кармушкі хапае прыкладна на тыдзень. Такую сумесь любяць сінічкі, снегіры і іншыя дробныя птушкі, а вось сойка, якая “аб’ядае” іншых птушак на звычайных кармушках, не можа пакарыстацца такой шышачкай. Можна таксама вешаць несалёнае сала:  ім любяць ласавацца сінічкі і сойкі. А дзятлы аддаюць перавагу грэцкім арэхам. Яны кладуць іх у шчыліны галін і разбіваюць сваёй моцнай дзюбай.
А вось чым не трэба карміць птушак, дык гэта салёным салам і чорным хлебам: ад іх хочацца піць, а бывае так, што птушкам цяжка знайсці ваду.
Алесь Страчук папярэдзіў, што падкормліваць птушак трэба толькі тады, калі ёсць снег. Зараз яны самі могуць знайсці сабе ежу. Але наперадзе яшчэ адзін зімовы месяц, які можа прынесці не адну завіруху, таму пра правілы падкормкі трэба памятаць.
- Быў выпадак, калі я паехаў на вадаёмы ля Чыжэўшчыны вывучаць відавы састаў птушак. І там быў лебедзь, які выходзіў з вады, падыходзіў да рыбакоў і “прасіў” у іх ежу. Пасля аказалася, што гэтага лебедзя акальцавалі ў Брэсце на набярэжнай Мухаўца, дзе яго падкормлівалі гараджане. Птушка развучылася сама здабываць сабе корм, перастала баяцца людзей, а значыць, стала добрай мішэнню для браканьераў.
У навуковым аб’яднанні, якім кіруе Аляксандр Сяргеевіч, дзеці не толькі кормяць птушак, але і кожную суботу з ахвотай ходзяць на экскурсіі, у час якіх назіраюць за імі і вучацца адрозніваць іх галасы.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Крысціна Кірылюк, Ігар Ферынец і Ксенія Федасюк правяраюць кармушку; (злева направа) Крысціна Кірылюк, Ксенія Федасюк, Алесь Страчук і Ігар Ферынец правяраюць кармушку.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу