З усмешкамі на тварах і выдатным настроем сто два лепшыя прадстаўнікі навучальных устаноў Кобрыншчыны прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі прыёму ў рады грамадскага аб’яднання “БРСМ”, якая адбылася 2 лютага ў кінатэатры “Радуга”.
Як адзначыла ў сваім выступленні першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прайшоў працэс станаўлення. Заўсёды праяўляюць высокую актыўнасць і ініцыятыву ў правядзенні грамадска-палітычных і культурна-масавых мерапрыемстваў бээрсээмаўцы з ДПТК будаўнікоў, якімі кіруе сакратар Руслан Ніпарка, пярвічная арганізацыя БРСМ Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання на чале з Вікторыяй Кундай. Выдатныя вынікі ў рабоце дэманструюць “пярвічкі” Пескаўскай САШ, САШ №№9, 2 і інш.
- Сёлета ў бліжэйшых планах актыву маладзёжнага руху шмат цікавых праектаў. Некаторыя ўжо вядомыя - гэта фестывалі кароткаметражных фільмаў, маладзёжных ініцыятыў “Свабодны рух”, творчасці “Моладзь.by“, - паведаміла Людміла Чырун.
Сардэчныя віншаванні выказала ў адрас актывістаў БРСМ старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк. Яна асоба падкрэсліла, што рашэнне быць прынятым у рады маладзёжнага саюза - асэнсаваны і правільны выбар. Гэта выдатны шанц праявіць свае творчыя і лідарскія здольнасці, заваяваць аўтарытэт сярод аднагодкаў, навучыцца не толькі культурна адпачываць, але і плённа працаваць на карысць краіны. Ва ўрачыстай абстаноўцы Таццяна Аляксееўна ўручыла значкі і членскія білеты новаспечаным бээрсээмаўцам. А ў сваім слове ў адказ Ксенія Пятрова з ліцэя сферы абслугоўвання, якая таксама ў той дзень ўступіла ў рады БРСМ, падзякавала за аказаны гонар і запэўніла прысутных, што пярвічная арганізацыя навучальнай установы будзе дастойна выконваць грамадскія абавязкі. Закончылася мерапрыемства праглядам дакументальнай стужкі аб жыцці і росквіце суверэннай Беларусі.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Місюк і Людміла Чырун (у цэнтры) з членамі БРСМ.
Поделиться в соцсетях: