Птушаня вушастай савы, што жыве ў парку імя А.В. Суворава, чатыры разы забіралі да сябе дадому міласэрныя гараджане. Паводле слоў кобрынскіх арнітолагаў, менавіта столькі разоў у эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і юнацтва раздаваліся тэлефонныя званкі пра тое, што знойдзена сава.
- Першы раз нам пазванілі 10 мая. Голас у трубцы паведаміў, што дзеці ў парку знайшлі саву, а цяпер не ведаюць, што з ёй рабіць, - расказвае Алесь Страчук, старшыня Заходнепалескага рэгіянальнага аддзела грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. - Як аказалася, гэта быў “падлётак” - падрослае птушаня, якое само можа зляцець з гнязда, але высока не лятае - бацькі яго проста кормяць. Мы акальцавалі птушку, адвезлі яе ў парк і пасадзілі на дрэва прыкладна там, дзе яна была знойдзена.
Літаральна на наступны дзень такіх тэлефанаванняў было ўжо два. Апошні, чацвёрты раз, кобрынскія арнітолагі дастаўлялі савяня ў парк 14 мая.
- Варта адзначыць, што совы-бацькі змогуць знайсці сваё птушаня ў радыусе двух кіламетраў, - кажа Алесь Страчук. - Таму вялікая просьба да людзей, якія ў парку на зямлі знайшлі савяня альбо забралі яго дадому, вярнуць птушаня на месца. Бацькі яго знойдуць і паклапоцяцца.
Настасся ЗАНЬКО.
Поделиться в соцсетях: