Чт, 14 ноября 2024
Прогноз погоды

Свята адбылося

30/08/2018 Праздники РОЧС МЧС

26 жніўня парк імя А.В. Суворава адсвяткаваў свой 250-гадовы дзень нараджэння. Тон святу задавалі самі гараджане і госці Кобрына, якія з самага ранку паспяшалі сюды, каб наталіцца пазітыўнай энергетыкай апошніх выхадных лета. За ўсім гэтым сачыў і карэспандэнт "КВ".

Атракцыёны і гульнявая пляцоўка каля ўваходу ў парк, дзе разгарнуліся лазерныя баталіі “Лазертаг”, першымі сустракалі гасцей.

З кожнай хвілінай колькасць прысутных расла, большасць з якіх спяшалася да пляцоўкі каля сімвалічнага каменя, пастаўленага ў год святкавання рэспубліканскіх дажынак. Тут распачыналіся мерапрыемствы, арганізаваныя Кобрынскім РАНС.  Гасцей чакалі пазнавальныя конкурсы і віктарыны на супрацьпажарную тэматыку. Але самае цікавае было наперадзе, калі дзве пажарныя машыны адна за адноў з трывожнай сірэнай спыніліся каля пляцоўкі. Панікі сярод прысутных яны, безумоўна, не выклікалі, бо гэта былі толькі паказальныя выступленні супрацоўнікаў РАНС. Яны дэманстравалі зладжаную работу каманды - элементы баявой работы па тушэнні вадкасці пенагенератарам, ліквідацыю магчымай аварыйнай сітуацыі з тэхналагічнай устаноўкі з пастаўкай вадзяных завес, якая суправаджаецца выкідам аміяка,  і практыкаванні па падачы вады стацыянарным лафетным ствалом ад пажарнай аўтацыстэрны. Пасля паказальных выступленняў у кожнага з жадаючых была магчымасць прымерыць баявую экіпіроўку пажарных і бліжэй пазнаёміцца з іх тэхнікай.

Тым часам каля пляцоўкі Вавёркадром збіраліся шматлікія сябры братоў нашых меншых. Група дапамогі бяздомным жывёлам “Чацвераногі сябар” у рамках дабрачыннай акцыі ў дапамогу кінутым сабакам і катам “Сяброў не купляюць” арганізавала шэраг цікавых мерапрыемстваў, у час якіх кожны з прысутных мог унесці свой маленькі ўклад у адну вялікую добрую справу – ашчаслівіць чацвераногага сябра гаспадаром ці набыць для яго корм. І як падзялілася інфармацыяй арганізатар групы Тамара Петруковіч, гэты дзень стаў сапраўдным святам для двух сабачак і аднаго ката. Прыемным сюрпрызам стаў прыезд на мерапрымства госця з Мінска, карані якога вядуць на Кобрыншчыну, вялікага аматара і абаронцу катоў Васіля Супрунюка. Не засталося па-за ўвагай і дэфіле юных мадэляў, якія прадэманстравалі дзве калекцыі моднага дзіцячага адзення ад кобрынскага дызайнера, абладальніка шматлікіх узнагарод Святланы Вілоўчык   - “Прынцэса балю”  і “Прынцэса ў гарошак”. У той час, пакуль госці разглядалі дзіцячыя малюнкі “Я і мой чацвераногі сябар”, выбіраючы, каму аддаць свой голас, гасцей радавалі выступленні дзіцячых творчых калектываў Кобрына.

Наталіцца неверагодным відовішчам змаглі і аматары мотатэхнікі – не кожны дзень можна ўбачыць на алеях парка байкераў на сваіх жалезных конях.

Фотавыстава “Парк учора, сёння, заўтра” прымушала спыняцца прахожых, каб перагарнуць цікавыя старонкі гісторыі парка, а выстава конкурсных малюнкаў “Парк будучага” пераносіла гасцей у свет фантазіі аматараў выяўленчага мастацтва, чарговы раз сцвярджаючы, што мяжы паміж  уяўным і рэальнасцю няма.

Нягледзячы на дождж, які ўнёс свае карэктывы ў вячэрнюю праграму запланаванах мерапрымстваў, свята адбылося.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: конкурсы праводзіць старшы інспектар ГПіУГ Кобрынскага РАНС Андрэй Абрамчук; любоў да жывёл раздзяляюць і дарослыя, і дзеці.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу