У мінулую нядзелю, у другой палове дня, першым у раёне намалаціў тысячу тон збожжа экіпаж камбайна “Джон Дзір” СВК “Узыходзячая зара” ў складзе камбайнера Андрэя Ігнацюка і яго памочніка Уладзіміра Сідарука. Прыемнай нечаканасцю для працаўнікоў, якія завяршалі ўборку азімай пшаніцы на вытворчым участку в. Пецькі, стала сустрэча са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Зазуляй, яго намеснікам Сяргеем Дзенісевічам і старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілём Лазарчуком. Аляксандр Іванавіч непасрэдна каля камбайна паціснуў рукі героям жніва, пажадаў здароўя, дабрабыту, плённай працы і, вядома, аднаго з самых важных фактараў поспеху для аграрнікаў ва ўборачнай кампаніі - сухога, сонечнага надвор’я. Васіль Лазарчук уручыў камбайнерам падарункі, а таксама Пісьмы падзякі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК. Цёплыя словы ўдзячнасці Андрэю Ігнацюку і Уладзіміру Сідаруку выказала і старшыня СВК “Узыходзячая зара” Таццяна Дземідзюк. Паводле яе слоў, 2014 год для гаспадаркі выдаўся па-асобаму знакавым. Дзякуючы бездакорнаму выкананню ўсіх агратэхнічных нарматываў, высокай вытворчай дысцыпліне і ўзорнай культуры земляробства на бедных землях “Узыходзячай зары” ўдалося дасягнуць своеасаблівага рэкорду па ўраджайнасці збожжавых каласавых культур за апошняе дзесяцігоддзе – 51 цэнтнер з гектара. Таццяна Паўлаўна падкрэсліла, што гэты заканамерны вынік быў дасягнуты дзякуючы руплівасці і дбайнасці ўсіх вытворчых звёнаў і службаў СВК. Усяго ж у СВК “Узыходзячая зара” задзейнічана ва ўборачнай кампаніі сем экіпажаў камбайнаў. Працаўнікі кожны дзень у полі забяспечваюцца двухразовым гарачым харчаваннем. Завяршаецца праца познім вечарам. Таццяна Дземідзюк спадзяецца, што кожны з яе экіпажаў дасягне тысячнай адзнакі ў намалотах збожжа. Сілы і сродкі для гэтага ёсць.Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Зазуля віншуе першых “тысячнікаў” Андрэя Ігнацюка і Уладзіміра Сідарука.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: