Ср, 09 октября 2024
Прогноз погоды

Служба знаёмстваў “Мая другая палавінка” восем гадоў працуе пры Кобрынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

17/07/2012

За гэты час сюды звярнуліся больш як 100 чалавек. На вуліцу Настасіча, 31, а менавіта тут знаходзіцца служба знаёмстваў, звяртаюцца тыя, у каго ўжо быў вопыт узаемаадносін. Звычайна, гэта жанчыны ва ўзросце 50-60 гадоў і 30-40-гадовыя мужчыны.

- У нашай базе цяпер зарэгістраваны 129 чалавек, з іх 68 мужчын і 61 жанчына, - адзначае загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Кобрынскага ТЦСАН Эла Скалковіч. -  Самаму старэйшаму мужчыне, які жадаў бы пазнаёміцца, 78 гадоў, самаму малодшаму - 25. А сярод жанчын самай маладой - 33, самай старэйшай - 64 гады.

У той жа час сярод жанчын больш кабрынчанак, а ў мужчын палову складаюць жыхары сельскай мясцовасці. Таксама ёсць анкеты мужчын і з іншых раёнаў - Іванава, Брэста і г. д.

- Як правіла, жанчыны-гараджанкі рэдка пагаджаюцца на пераезд у вёску, - адзначаюць супрацоўнікі службы. - Таксама сярод жанчын больш, скажам так, меркантыльных. Яны глядзяць на месца работы, адукацыю, часта ўказваюць, каб мужчына быў “без аліментаў”. Таксама ў графе “Пажаданні да партнёра” пішуць: “Каб не піў, быў добрым, паважаў жанчын, мог падтрымаць”.

Што тычыцца мужчын, яны, паводле слоў Элы Скалковіч, больш прывязаны да знешнасці. Часта ўказваюць нават параметры: узрост, рост, вагу, колер валасоў.

- Пры гэтым большасць мужчын шукае жанчыну, якая б проста была побач. Часта яны кажуць, што хочацца проста прачнуцца ранкам, наліць кубак кавы, паразмаўляць. Каб жанчына належала менавіта яму, а не ўнукам і дзецям, - адзначае Эла Аляксандраўна.

Статыстыку шлюбаў і ўдачных узаемаадносін служба не вядзе. Эла Аляксандраўна падкрэслівае, што гэта асабістая таямніца кожнага.

Для таго, каб зарэгістравацца ў службе, патрэбна проста прыйсці ў цэнтр сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ў кабінет №14.  Абавязкова захапіць з сабой пашпарт. У службе сталі яго патрабаваць пасля выпадкаў указання недакладнай інфармацыі ў анкетах.

У самой анкеце не будзе значыцца ні ваша імя, ні прозвішча, ні кантактныя даныя. Толькі агульная інфармацыя пра дату нараджэння, адукацыю, месца працы, знак Задыяка (шмат хто надае гэтаму вельмі вялікае значэнне). Таксама ёсць графы “Мае інтарэсы”, “Дадатковая інфармацыя пра сябе” (разведзены, наяўнасць дзяцей, умовы пражывання і г.д.). І пункт “Пажаданні да партнёра”. Па жаданні, да анкеты можа прымацоўвацца і фотаздымак.

Пасля гэтага анкеце прысвойваецца рэгістрацыйны нумар. Пад ім у камп’тарную базу даных заносяцца вашы кантакты (адрас, тэлефоны і г.д.). Пасля рэгістрацыі ўдзельнікі могуць атрымаць доступ да анкет. А калі нейкія іх зацікавяць, то толькі тады можна атрымаць кантактную інфармацыю. Потым чалавек пачынае дзейнічаць ужо сам. Калі ж мужчына ці жанчына адчуваюць, што ў іх ёсць пэўная няўпэўненасць у камунікацыі з супрацьлеглым полам, у цэнтры прапаноўваецца дапамога псіхолага.

- Наша служба - гэта як адзін з варыянтаў паспрабаваць выйсці з адзіноты, - лічыць Эла Скалковіч. - Важна проста зрабіць першы крок - прыйсці і зарэгістравацца. Галоўнае, засяродзіць увагу на сваёй праблеме. Быў прыклад, калі праз нашу службу жанчына пазнаёмілася з мужчынам, але ў іх нічога не атрымалася. Яна не адчайвалася. А потым будучы муж фактычна сам прыйшоў да яе дахаты. Па суседству ён дапамагаў будаваць сыну дом, і проста зайшоў да яе спытацца, ці няма нейкага інструмента. Яны пазнаёміліся і пажаніліся. Так што ніхто не ведае, дзе можа сустрэць сваю другую палавінку.

Настасся ЗАНЬКО.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу