Пад такой назвай учэрвені прайшла ў нашым горадзе духоўна-асветніцкая выстава-кірмаш, якая выклікала вялікую цікавасць у кабрынчан і гасцей горада. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларуская Праваслаўная Царква ў асобе выдавецтва Беларускага Экзархата сумесна з адміністрацыяй горада і Кобрынскага благачыння ў асобе благачыннага протаіерэя Багдана Хамы.
У межах праграмы адбыліся прэзентацыі для школьнікаў новага выдання “Закон Божы” і навінак дзіцяча-юнацкай літаратуры, сустрэчы з навучэнцамі школ і іншых навучальных устаноў, гутаркі з работнікамі раённых бібліятэк, выступленні вакальных і тэатральных калектываў, а таксама іншыя акцыі. Кожны наведвальнік выставы-кірмашу мог азнаёміцца і набыць духоўную літаратуру, прысвечаную сямейным адносінам, а таксама на іншыя актуальныя тэмы, азнаёміцца з экспазіцыямі Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай і факсімільнага выдання праваслаўнай святыні Беларусі “Слуцкага Дабравесця”.
Самых юных гасцей тут чакалі не толькі прывабныя і маляўнічыя кніжкі духоўнай тэматыкі, але і гульня-віктарына “Угадай!”, забаўляльныя конкурсы, магчымасць пазваніць у сапраўдныя царкоўныя званы або набыць асвечаны крыжык ці фігурку маленькага анёла з разгорнутай кніжкай у руках. Цікава прайшла і прэзентацыя кнігі “Цудоўныя сябры” Валянціны Літошык.
У нядзелю, 19 чэрвеня, адбыўся хрэсны ход ад Свята- Аляксандра-Неўскага сабора да месца правядзення выставы-кірмашу.
- З выставай мы пабывалі ўжо ў многіх гарадах Беларусі: у Баранавічах, Барысаве, Капылі, Нясвіжы, Магілёве і ў іншых, - гаворыць супрацоўнік выдавецтва Беларускага Экзархата Аляксандр Гладкі. – Наша галоўная місія – яшчэ раз падкрэсліць каштоўнасць і вечнасць сапраўдных сямейных адносін. Мы хочам засяродзіць увагу на тым, што ў праваслаўных сем’ях гэтыя каштоўнасці трывала захоўваюцца. Наступнай кропкай у маршруце будзе Драгічын. А пра Кобрын хочацца з прыемнасцю сказаць, што тут вельмі разумныя, адукаваныя людзі, у сэрцах якіх знаходзяць шчыры водгук тэмы і праблемы, выразна акрэсленыя арганізатарамі мерапрыемства.
Фота і тэкст Ігара ФЕДАРОВІЧА.
Поделиться в соцсетях: