20 лістапада ў Палацы культуры г. Кобрына ладзіліся ўрачыстасці, прысвечаныя Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Былі падведзены вынікі раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў і асобных катэгорый работнікаў аграпрамысловага комплексу ў 2010 годзе.
Яшчэ ў пачатку форуму старшыні Кобрынскага райвыканкама быў паднесены прыгожы каравай са збожжа новага ўраджаю. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў сходу звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Алег Гангала. Ён павіншаваў усіх працаўнікоў аграпрамысловага комплексу са святам і падвёў вынікі работы за адыходзячы год.
Як адзначыў Алег Іосіфавіч, за чатыры гады пяцігодкі вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзрасла на 27,9 працэнта. За гэты перыяд падвоілі вытворчасць яе ў ААТ “Гарадзец-агра”, філіяле “Арэхаўскае” РУП “Брэстдругмет”. У СВК “Батчы” і ААТ “Астромічы” валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі ўзрасла ў 1,7 раза, у СВК “Пакроўскі” – у 1,5. У такіх умовах найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці зерня на адзін бала-гектар дабіліся ў ААТ “Агра-Кобрынскае” – 142,3 кілаграма, СВК “Узыходзячая зара” – 132,5, ААТ “Гарадзец-агра” – 114,9. У выніку план продажу збожжа дзяржаве гаспадаркі раёна выканалі ў поўным аб’ёме.
Добрых паказчыкаў дабіліся вяскоўцы па вытворчасці цукровых буракоў. Валавы збор склаў 72,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 362 цэнтнеры з гектара. Заслугоўваюць пахвалы і бульбаводы ААТ “Астромічы”, дзе валавы збор клубняў склаў 3600 тон. Самыя вялікія аб’ёмы вытворчасці агародніны забяспечылі працаўнікі ААТ “Агра-Кобрынскае” і СВК “Батчы”.
У раёне назапашана для грамадскай жывёлагадоўлі па 23 цэнтнеры кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы, што павінна забяспечыць паспяховую зімоўку статка. Алег Гангала назваў лепшых механізатараў на назапашванні кармоў – гэта Леанід Жукаў з СВК “Батчы”, Мікалай Яхнавец (СВК “Пакроўскі”) і іншыя.Асновай эканомікі сельгасвытворчасці з’яўляецца жывёлагадоўля, якая дае каля 70 працэнтаў таварнай прадукцыі. Асноўная ўвага цяпер удзяляецца рэканструкцыі і тэхнічнаму пераабсталяванню жывёлагадоўчых ферм, стварэнню належных умоў працы. За дзесяць месяцаў бягучага года ў гаспадарках раёна атрымана 74,7 тысячы тон малака пры надоі на карову 4207 кілаграмаў.
Вялікі ўклад у павелічэнне вытворчасці гэтага прадукту ўносяць жывёлаводы СВК “Узыходзячая зара”. За дзесяць месяцаў тут надоена ад кожнай каровы 7044 кілаграмы малака, прададзена дзяржаве 33,5 працэнта гатункам “экстра” і 59,9 працэнта – вышэйшым. Цёплых слоў удзячнасці за старанную працу заслугоўваюць аператары машыннага даення Святлана Батурка (СВК “Узыходзячая зара”), Людміла Бандарук (ААТ “Агра-Кобрынскае”), даглядчыкі жывёлы Ніна Андраюк (СВК “Узыходзячая зара”), Вера Брыштэн (філіял “Арэхаўскае” РУП “Брэстдругмет”), птушніцы Тамара Мацвяюк і Алена Курыга (ААТ “Кобрынская птушкафабрыка”), аператары свінакомплексу Мікалай Вашчук і Вольга Рагачук (СВК “Узыходзячая зара”) і многія іншыя.
Дзякуючы стараннай працы ўсіх сельгасвытворцаў сёлета чакаецца выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі больш як 150 мільярдаў рублёў, рэнтабельнасць яе складзе 7,2 працэнта. У сваім выступленні Алег Гангала павіншаваў са святам і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці.
З прафесійным святам работнікаў аграпрамысловага комплексу віншавалі старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, старшыня райсавета дэпутатаў Таццяна Місюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук і іншыя. Затым адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтва. Лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, райсавета, аблсельгасхарчу, абласнога і раённага прафсаюзных камітэтаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Каштоўныя падарункі былі ўручаны і маладым спецыялістам, якія прысвяцілі сябе высакароднай справе.
Пасля ўрачыстага сходу яго ўдзельнікі паглядзелі канцэрт.
Аляксей САЦУК.
ФОТА РАМАНА МЕЛЬНІКА
Поделиться в соцсетях: