21 сакавіка ў горадзе над Бугам пад эгідай Брэсцкага абласнога УМНС адбылася цырымонія ўзнагароджання прызёраў і пераможцаў XX абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей” сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ і пазашкольных устаноў Брэсцкай вобласці. Па традыцыі адкрыў мерапрыемства начальнік Брэсцкага абласнога УМНС, палкоўнік унутранай службы Канстанцін Шаршуновіч, які паведаміў, што сёлета ў конкурсе ў розных намінацыях прынялі ўдзел больш за 800 чалавек, што з’яўляецца своеасаблівым рэкордам. Канстанцін Яўгеньевіч шчыра падзякаваў юнакам і дзяўчатам, іх настаўнікам і бацькам за актыўную грамадзянскую пазіцыю ў важнай агульнай справе – прапагандзе бяспечных паводзінаў у грамадстве. Менавіта яны, як паказвае жыццё, дазваляюць пазбегнуць трагедый.
У час урачыстай цырымоніі лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы і памятныя прызы. Адметна, што ў гэтым ганаровым спісе былі і кабрынчане. Першыя месцы ў намінацыях “Малюнак” і “Апавяданне” занялі выхаванцы ДУА “Кобрынскі РЦДТ” Марыя Лук’яновіч і Ганна Прылуцкая з гімназіі г. Кобрына. Другое месца ў намінацыі “Плакат” удастоена Злата Валасюк (РЦДТ). Таксама былі падведзены вынікі творчага конкурсу Брэсцкага УМНС на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і асноў забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці. Першага месца ў намінацыі “Аўтар” удастоена карэспандэнт газеты “Кобрын-інформ” Маргарыта Саўчук. Другое месца - у галоўнага рэдактара раённай газеты “Кобрынскі веснік” Рамана Мельніка.
На здымку: кабрынчане з заслужанымі ўзнагародамі.
Фота з архіва Рамана Мельніка.
Поделиться в соцсетях: